Футбалісты „Шахцёра” не выйшлі ў 2-і раунд кваліфікацыі Лігі Еўропы



Футбалісты салігорскага „Шахцёра” не змаглі прабіцца ў другі кваліфікацыйны раўнд Лігі Еўропы, саступіўшы на сваім полі малдаўскаму клубу „Сфынтул Георге” у серыі пенальці. Сустрэча ў Салігорску пачалася з нападаў гаспадароў, але госці не толькі абараняліся, але і адказвалі вострымі контрвыпадамі. На 28-й хвіліне гульні „Шахцёр” застаўся ў меншасці пасля выдалення Дарка Бодула. Нягледзячы на гэта, падначаленыя Юрыя Вернідуба працягвалі гуляць першым нумарам, але ні ў асноўны, ні ў дадатковы час мяч у браму так і не трапіў. У серыі пасляматчавых пенальці поспех быў на баку гасцей з Малдовы – 3:1. Цікава, што 33-гадовы беларускі нападнік малдаўскага клуба Раман Волкаў пасля рэалізаванага пенальці паказаў кулак і вікторыю. Акрамя таго, на руцэ ў яго быў БЧБ-бранзалет.

Нагадаю, што адразу некалькі гульцоў беларускіх клубаў у мінулым туры беларускага чэмпіянату паказалі аналагічны жэст (альбо проста вікторыю) у знак салідарнасці з пратэстуючымі пасля выбараў, а «Крумкачы» і зусім выйшлі ў цішотках з прынтам «Мы – з народам!»

Адразу пасля гэтага АБФФ выступіла з заявай аб тым, што футбольныя матчы і звязаныя з імі цырыманіяльныя мерапрыемствы павінны заставацца свабоднымі ад праявы сваіх палітычных пераваг з боку гульцоў і афіцыйных асоб.

У другім матчы менскае „Дынама” прайграла на сваёй арэне польскаму клубу „Пяст” з Глівіцэ з лікам 0:2, таксама завяршыўшы еўракубкавы сезон. Яшчэ адзін беларускі прадстаўнік барысаўскі БАТЭ стартуе з другога кваліфікацыйнага раўнда Лігі Еўропы. Яго лёсаванне пройдзе 31 жніўня ў штаб-кватэры УЕФА ў швейцарскім Ньёне. Матчы адбудуцца 17 верасня.

Беларускія тэнісісты даведаліся супернікаў на старце US Open

У Нью-Ёрку адбылася лёсаванне адзіночнага разраду адкрытага чэмпіянату ЗША па тэнісе. У жаночым турніры US Open прымуць удзел пяць прадстаўніц Беларусі. 11-ы нумар сусветнага рэйтынгу Арына Сабаленка згуляе са 118-й ракеткай францужанкай Осеан Дадан. Экс-першая ракетка планеты Вікторыя Азаранка сустрэнецца з аўстрыйкай Барбарай Хаас. Суперніцай Аляксандры Сасновіч будзе прадстаўніца ЗША Франчэска Дзі Ларэнца. Вольга Гаварцова згуляе з расейкай Віталіяй Дзячэнкай. Вера Лапко  сустрэнецца з прадстаўніцай Швейцарыі Вікторыяй Галубіч. У мужчын супернікам беларуса Ягора Герасімава будзе серб Душан Лаёвіч (23). Адкрыты чэмпіянат ЗША пройдзе з 31 жніўня па 13 верасня ў Нью-Йорку.

НХЛ прыпыніць розыгрыш Кубка Стэнлі на два дні з-за беспарадкаў

Нацыянальная хакейная ліга (НХЛ) на двух дня адкладзе матчы розыгрышу Кубка Стэнлі ў сувязі з масавымі беспарадкамі ў ЗША. Чакаецца, што турнір будзе адноўлены ў ноч з 29 на 30 жніўня. Прычынай чарговых хваляванняў сталі дзеянні паліцэйскага горада Кенош, які двойчы стрэліў у спіну цемнаскураму амерыканцу Джейкабу Блэйку. Пацярпелы садзіўся ў машыну пасля таго, як паспрабаваў спыніць бойку паміж дзвюма жанчынамі. Пасля гэтага ў ЗША пачалася новая хваля пратэстаў.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]