Футбалісты зборнай Беларусі саступілі чэхам у матчы адбору на ЧС-2022
Футбалісты зборнай Беларусі саступілі чэхам у матчы кваліфікацыі да чэмпіянату свету 2022 года, які прайшоў у Казані. Супернікі каманды Георгія Кандрацьева апынуліся мацней з лікам 2:0. На 22-й хвіліне Патрык Шык пасля падачы ў штрафную прабіў у дотык і ў беларускага брамніка Паўла Паўлючэнкі шансаў на выратаванне не было. Да перапынку лік матчу не змяніўся. У другім тайме на 65-й хвіліне Адам Гложэк стаў аўтарам другога гола зборнай Чэхіі – асіставаў яму Патрык Шык. Беларуская каманда зноў пацярпела паразу і застаецца на апошнім месцы ў сваёй адборачнай групе.
Германія буйна абыграла Паўночную Македонію і забяспечыла сабе трапленне на чэмпіянат свету
У матчы кваліфікацыі на чэмпіянат свету-2022 Германія ў гасцях не пакінула шанцаў Паўночнай Македоніі – 4:0. Усе галы немцы забілі ў другім тайме. Спачатку вызначыўся Кай Хаверц, затым дубль аформіў Ціма Вернэр, а выніковую кропку ў супрацьстаянні паставіў Джамал Мусіала. Такім чынам, немцы гарантавалі сабе першы радок адборачнай групы J і прамую пуцёўку на мундыяль у Катары. Паўночная Македонія ідзе на трэцім месцы з 12 ачкамі. Другую пазіцыю з 13 баламі займае зборная Румыніі, якая абыграла Арменію 1:0. Харватыя на хатняй арэне нечакана падзяліла ачкі са Славакіяй – 2:2 і згубіла лідарства ў групе H, перамясціўшыся на другі радок. Каманда Златка Даліча саступае два ачкі Расіі, якая перамагла Славенію 2:1. Славакія ідзе ў групе трэцяй. У іншых матчах гульнявога дня Нідэрландцы дзякуючы дублю Мэмфіса Дэпая разграмілі Гібралтар 6:0. Ісландыя ўчыніла разгром Ліхтэнштэйну 4:0. Нарвегія абыграла 2:0 Чарнагорыю, а Латвія саступіла Турцыі 1:2.
Іван Кульбакоў падпісаў пробны кантракт з „Віцязем”
Беларускі брамнік Іван Кульбакоў падпісаў пробны кантракт з „Віцязем”. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба. Мінулы сезон галкіпер правёў у „Сочы”, згуляўшы ў КХЛ 12 матчаў, адбіўшы 90.5% кідкоў пры каэфіцыенце надзейнасці 3.25. Пачатак цяперашняга сезону Іван Кульбакоў правёў у Менску на праглядавым кантракце з „Дынама”. Аднак „зубры” не падпісалі з брамнікам паўнавартаснага пагаднення.
Беларускае Радыё Рацыя
