Футбольны чэмпіянат свету ў Катары пад пагрозай



 
Поўны разрыў адносінаў з Катарам, пра які заявілі ўжо восем дзяржаваў, ставіць пад пагрозу правядзення чэмпіянату свету па футболе 2022 года. Такое меркаванне выказала брытанскае выданне The Guardian.
Падрыхтоўка да мундыялю вядзецца ў блізкаўсходняй краіне цягам ужо некалькіх гадоў. Адмыслова да турніру там будуюць дзевяць сучасных стадыёнаў, а таксама дзясяткі гатэляў, забаўляльных цэнтраў і іншай інфраструктуры.
Аднак зараз пагроза над краінай эканамічнай блакады змушае жыхароў Катара расхопліваць у крамах прадукты. Спыненне авія-, марскіх і наземных зносінаў з краінамі-суседзямі сур’ёзна пагражае таму, што заўзятары і спартоўцы проста не змогуць дабрацца да Катара.
Яшчэ з 2010 года – моманту, калі выбралі краіны – гаспадары чэмпіянатаў свету 2018 і 2022 гадоў – Катару давялося адмаўляць шматлікія абвінавачванні, што блізкаўсходняя краіна падкупіла членаў ФІФА, якія аддалі галасы на яе карысць. Асабліва актыўнічала Вялікабрытанія, якая разлічвала на тое, што правядзенне турніру 2022 года аддадуць менавіта ёй. 

Пакуль футбольная федэрацыя Англіі ніяк не пракаментавала сітуацыю. А вось прэзідэнт Нямецкага футбольнага саюзу Райнхард Грындэль заявіў, што футбольныя турніры такога маштабу, як чэмпіянат свету, не павінны праходзіць у краінах, якія падтрымваюць тэрарызм. Ён паабяцаў абмеркаваць становішча з уладамі ФРГ і кіраўніцтвам Саюза еўрапейскіх футбольных асацыяцый і знайсці „палітычнае рашэнне”.

ФІФА пакуль ніяк не каментуе сітуацыю, аднак прадстаўнікі еўрапейскіх футбольных саюзаў ужо заяўляюць пра недапушчальнасць правядзення турніру ў краіне, якая падтрымлівае тэрарызм.

Беларускае Радыё Рацыя