Футбольны клуб «Крумкачы» абвесціў аб змене назвы
Клуб спадзяецца, што заўзятары зразумеюць гэты крок, і звяртаецца да ўсіх з просьбай дапамагчы ў выбары новай назвы.
«Сёлета мы выканалі задачу — зрабілі крок наперад, выйшлі ў першую лігу. І гэта новы выклік, які мы прымаем з вашай падтрымкай і дапамогай. У сваю чаргу, абяцаем не спыняцца — паспрабуем і далей радаваць вас новымі перамогамі і дасягненнямі», — гаворыцца ў звароце «Крумкачоў».
Клуб тлумачыць, што «будаўніцтва немагчыма без перабудовы, а часам і разбурэння». І першы сур’ёзны крок, які ФК «Крумкачы» хоча зрабіць — змяніць назву.
«Мы доўга думалі і разважалі на гэту тэму, перш чым прыйсці да такога рашэння. І сёння яно наспела. Мы жадаем і павінны захаваць пераемнасць нашага брэнда, але рэаліі такія, што на шляху стварэння сур’ёзнага прафесійнага клуба неабходна „казку ператварыць у рэчаіснасць”», — гаворыцца ў звароце.
Сёлета рашэннем Беларускай федэрацыі футболу (БФФ) «Крумкачы» былі дыскваліфікаваныя з вышэйшай лігі: менскай камандзе адмовілі ў ліцэнзіі за «сістэматычныя парушэнні» патрабаванняў рэгламэнту — парушэнне тэрмінаў падачы дакументаў і зрыў працэсу ліцэнзавання.
