Футбольны “Кубак свабоды” выйграла каманда БАЖ і прысвяціла перамогу Алесю Ліпаю



У Менску прайшоў традыцыйны футбольны турнір “Кубак свабоды” імя Генадзя Карпенкі. У спаборніцтвах прынялі ўдзел 7 сборных каманд ад розных палітычных партый, грамадскіх рухаў і ініцыятываў, ды каманда журналістаў. У выніку – ў фінальнай сустрэчы каманда Беларускай асацыяцыі журналістаў перамагла зборную Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Трэцяе месца заняла каманда Беларускага народнага фронту. Старшыня БАЖу Андрэй Бастунец зазначыў, што сёлетнюю перамогу ў “Кубку свабоды” яны прысвячаюць заўчасна пемерламу калегу, кіраўніку БелаПАН Алесю Ліпаю.

— Гэта, зразумела, нас радуе, тым больш, што ў мінулы сезон мы выступілі не вельмі ўдала. Гэты турнір для нас яшчэ крыху і абцяжараны заўчаснай смерцю Алеся Ліпая. Мы гулялі з чорнымі павязкамі і перад турнірам Анатоль Лябедзька ўзгадаў Алеся і гульцы ушанавалі памяць хвілінай маўчання. Гэтую перамогу мы прысвячаем Алесю.

Футбольны турнір “Кубак свабоды” праводзіцца з 1997 года і прымеркаваны да даты прыняцця Дэкларацыі аб суверэнітэце Рэспублікі Беларусь. На самым пачатку палітык Генадзь Карпенка прымаў у ім актыўны ўдзел. Пасля яго заўчаснай смерці ў 1999 годзе турнір стаў насіць яго імя.

Беларускае Радыё Рацыя