Футбольныя чэмпіянаты ў 1-й і 2-й лігах стартуюць у другой палове красавіка



Стаў вядомы каляндар футбольнага чэмпіянату ў другім па рангу дывізіёне – першай лізе. Cтартавы тур запланавана правесці 17 і 18 красавіка. Па выніках двухкругавога турніру з матчамі дома і ў гасцях, які павінен завяршыцца 14 лістапада, дзве лепшыя каманды атрымаюць пуцёўкі ў вышэйшую лігі, а трэцяя правядзе пераходныя паядынкі з клубам, які фінішуе на 14-м месцы ў элітным дывізіёне.

У трэцім дывізіёне беларускага першынства – другой лізе – 18 красавіка на старт выйдуць 22 каманды. Удзельнікі правядуць двухколавы турнір, пасля якога па тры лепшыя клубы выйдуць у фінальны этап, па выніках якога дзве каманды падымуцца рангам вышэй, а каманда, якая заняла 3-е месца, правядзе стыкавыя матчы з 14-м клубам першай лігі. Турнір завершыцца ў сярэдзіне лістапада.

Першыя паўфіналы футбольнага Кубка Беларусі пройдуць у Мазыры і Берасці

8 красавіка ў Мазыры і Берасці адбудуцца першыя паўфінальныя паядынкі розыгрышу Кубка Беларусі па футболе. На поле мазырскага стадыёна „Юнацтва” у 17.30 пачнецца матч мясцовай „Славіі” і барысаўскага БАТЭ. Зусім нядаўна, у другім туры нацыянальнага першынства гэтыя супернікі таксама сустракаліся ў Мазыры, і тады гаспадары здолелі святкаваць валявую вікторыю над 15-разовымі чэмпіёнамі краіны з лікам 2:1. У 19.30 дзейныя чэмпіёны футбалісты берасцейскага „Дынама” прымуць цяперашняга ўладальніка Кубка Беларусі салігорскі „Шахцёр”. У матчы за Суперкубак, які адкрываў цяперашні футбольны сезон, берасцейцы перамаглі салігарчанаў 2:0. Гульні ў адказ за выхад у фінал 29-га кубкавага розыгрышу запланаваны на 29 красавіка.

Хацкевіч пракаментаваў рашэнне не спыняць чэмпіянат Беларусі

Былы футбаліст і трэнер зборнай Беларусі Аляксандр Хацкевіч пракаментаваў рашэнне не спыняць матчы вышэйшай лігі з-за каронавіруса, паведамляе «Р-Спорт». «Шчыра сказаць, зайздрошчу, што яны гуляюць, але цяпер такі час, калі важней здароўе. Не ведаю, як доўга ён будзе працягвацца, але з цікавасцю сачу за ім. Тым больш карцінка ідзе на многія краіны. Магчыма, хтосьці нават і не ведаў, што і ў Беларусі таксама ёсць футбол. Дай бог, каб усе былі жывыя і здаровыя», – сказаў Хацкевіч, які трэніруе зараз валгаградскі «Ротар». Нагадаю, што чэмпіянат Беларусі па футболе з’яўляецца цяпер адзіным турнірам Еўропы, не спыненым з-за пандэміі каронавіруса. Па гэтай прычыне больш за дзясятак краін купілі правы на тэлетрансляцыі матчаў.

Турнір па кіданнях памяці Шукевіча перанесены

Турнір па кіданнях памяці заслужанага трэнера СССР Яўгена Шукевіча перанесены з-за каронавіруса, паведамілі ў прэс-службе Беларускай федэрацыі лёгкай атлетыкі. „Пандэмія працягвае ўносіць карэктывы ў трэніровачны і спаборніцкі графік спартоўцаў з розных куткоў свету. Мы закладнікі сітуацыі, якой, на жаль, абавязаны падпарадкавацца, каб захаваць сваё здароўе, а таксама здароўе навакольных людзей, – адзначылі ў прэс-службе БФЛА. – у сувязі з абмежаваннем масавых і дзіцячых мерапрыемстваў у нашай краіне арганізацыйны камітэт турніру вырашыў адкласці дадзены старт, які планаваўся на 28-30 красавіка.

Адзначаецца, што традыцыйна гэтыя спаборніцтвы збіралі атлетаў з розных краін. У планах федэрацыі правесці турнір у спартовым комплексе „Брэсцкі” ў траўні.

Кваліфікацыйныя спаборніцтвы для лёгкаатлетаў на Алімпіяду ў Токіо прыпыненыя да 1 снежня

Лёгкаатлетычны кваліфікацыйны перыяд да Алімпійскіх гульняў у Токіо прыпынены да 1 снежня з-за пандэміі каронавіруса. Такая інфармацыя размешчана на сайце World Athletics. З 6 красавіка па 30 лістапада ўсе вынікі, дасягнутыя на любых спаборніцтвах, не будуць ўлічвацца ў алімпійскай кваліфікацыі і сусветным рэйтынгу, публікацыя якіх таксама будзе прыпыненая. Вынікі спартоўцаў, якія ўжо выканалі нарматывы на Гульні, застануцца ў сіле. Пры нармалізацыі сітуацыі ў свеце кваліфікацыйны перыяд адновіцца 1 снежня. Плануецца, што ХХХII летнія Алімпійскія гульні ў японскай сталіцы пройдуць з 23 ліпеня па 8 жніўня 2021 года.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя