Футбольныя першынствы Беларусі сярод юніёраў і юнакоў прыпыненыя



Асацыяцыя „Беларуская федэрацыя футбола” прыпыніла юніёрскае і юнацкае першынствы Беларусі. Такое рашэнне прынята на пасяджэнні бюро выканаўчага камітэта футбольнай федэрацыі ў адпаведнасці з рэкамендацыямі Міністэрства спорту і турызму. Што тычыцца нацыянальнага чэмпіянату Беларусі сярод каманд вышэйшай лігі, то ён працягнецца згодна з раскладам: матчы 3-га тура адбудуцца 3-5 красавіка.

„Віцебск” звярнуўся да заўзятараў: прыходзіць на матч ці не прыходзіць, выбар застаецца за вамі

„Віцебск” звярнуўся да заўзятараў напярэдадні матчу 3-га тура чэмпіянату краіны супраць „Смалявічаў”. Сустрэча мае адбыцца 5 красавіка (пачатак – у 16.00) на фоне ўспышкі каронавіруса ў вобласці, паведамляе «Прессбол».

Паважаныя заўзятары! Настойліва раім вам азнаёміцца з наступнай інфармацыяй:

1) Заўсёды памятайце пра сваё здароўе і здароўе навакольных. Выконвайце меры прадухілення распаўсюду інфекцый.

2) Тых, хто прыйшоў на матчы просім размяшчацца на трыбунах у шахматным парадку, на адлегласці адзін ад аднаго.

3) Па магчымасці старайцеся звесці да мінімуму кантакты не толькі на футбольных матчах, але і падчас шляху ад дома да стадыёна і назад, а таксама ў іншых месцах масавага збору людзей.

4) Гледачам ва ўзросце старэйшым за 65 гадоў, а таксама людзям з аслабленым імунітэтам, прыкметамі рэспіраторных захворванняў не рэкамендуецца наведванне месцаў масавага збору людзей.

5) Кропкі грамадскага харчавання на бліжэйшым матчы працаваць не будуць.

6) Прыходзіць на футбольны матч ці не прыходзіць, выбар застаецца за вамі.

Дзякуй за ўвагу! Моцнага усім здароўя. Беражыце сябе і блізкіх! – гаворыцца ў паведамленні.

„Шахцёр” зарабіў 5 тысяч рублёў і не заплаціў ні капейкі агентам

У мэтах выканання патрабаванняў „Рэгламенту АБФФ па ліцэнзаванні і кантролі дзейнасці клубаў” салігорскі „Шахцёр” апублікаваў бухгалтарскую справаздачнасць. Так, чысты прыбытак клуба за перыяд са студзеня да снежня 2019 года склаў 5000 рублёў (гэта каля 1926 даляраў ЗША па актуальным курсе). За аналагічны перыяд 2018 года чысты прыбытак склаў 409.000 рублёў (ці каля 157 даляраў ЗША па актуальным курсе). Акрамя таго, „Шахцёр” у 2019 годзе згодна з дакументам ня выдаткаваў ні капейкі на ўзнагароджанні агентам.

Мінспорту просіць СМІ ўстрымацца ад наведвання спартыўных баз

Міністэрства спорту і турызму Беларусі пераканаўча просіць прадстаўнікоў СМІ ўстрымацца ад паездак на спартовыя базы. Інфармацыя пра гэта размешчана на афіцыйным сайце ведамства. Мінспорту адзначае, што на некаторых аб’ектах месцяцца зараз спартоўцы, якія вярнуліся з вучэбна-трэніровачных збораў з-за мяжы. Гэтыя атлеты знаходзяцца пад пастаянным медыцынскім наглядам і кантролем, на аб’ектах праводзяцца рэжымна-абмежавальныя мерапрыемствы, якія маюць на ўвазе ізаляцыю на тэрыторыі спорткомплексаў спартоўцаў, трэнераў, спецыялістаў і персаналу.

Разам з тым у Мінспорце паведамілі, што беларускія спартоўцы працягваюць падрыхтоўку да Алімпійскіх гульняў у Токіо. Прынята рашэнне, што чальцы нацыянальных і зборных каманд, якія праходзяць дэцэнтралізаваную падрыхтоўку, на зборы пакуль прыцягвацца не будуць.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя

Фота sb.by