Гандбалісты „Барселоны” 11-ы раз выйгралі Лігу чэмпіёнаў



Гандбалісты іспанскай „Барселоны” сталі пераможцамі Лігі чэмпіёнаў. У вырашальным паядынку ў нямецкім Кёльне „Барса” толькі ў серыі пасляматчавых пенальці адолела польскі „Кельцэ”. За 50 секунд да заканчэння асноўнага часу іспанская каманда вяла – 28:27, але беларускі легіянер чэмпіёнаў Польшчы Арцём Каралёк дакладным кідком перавёў гульню ў авертайм – 28:28. У дадатковы час супернікі закінулі па 4 мячы – 32:32, і лёс галоўнага клубнага трафея Старога Свету вырашыўся ў серыі 7-метровых кідкоў, у якой поспех спадарожнічаў „Барселоне” – 5:3. Для яе гэта другі запар і 11-ты ў гісторыі Кубак еўрапейскіх чэмпіёнаў. Беларускія гандбалісты „Кельце” Арцём Каралёк і Уладзіслаў Кулеш закінулі ў фінале па 4 мячы. Арцём Каралёк прызнаны MVP „фіналу чатырох”.

Футбалісты „Славіі” перамаглі „Менск” у чэмпіянаце Беларусі

Футбалісты мазырскай „Славіі” выйгралі на сваім полі ў „Менска”  4:2 у апошнім матчы 11-га тура чэмпіянату Беларусі. У складзе мазыран галы забілі Яўген Барсукоў, Сямён Шасцілоўскі, Андрэй Альшанік і Андрэй Кобец, госці адказалі дакладнымі ўдарамі Ягора Багамольскага і Кірыла Чарнавока. „Шахцёр” перамог „Арсенал”  – 2:1. Салігорская каманда ідзе чацвёртай у табліцы з 21 балам, у калектыву з Дзяржынска чатыры ачкі і перадапошняе месца. „Гомель” перамог берасцейскае „Дынама” – 1:0. „Рысі” з 14 ачкамі ідуць дзясятымі ў табліцы, у берасцейцаў ніводнай перамогі, чатыры балы і апошняе месца. У астатніх матчах гэтага тура: БАТЭ саступіў „Іслачы” – 0:1, сталічнае „Дынама” і „Слуцк” згулялі ўнічыю – 1:1, магілёўскі „Днепр” саступіў гарадзенскаму „Нёману” – 1:3, „Белшына” прайграла „Энергетыку-БДУ – 0:1, а „Віцебск” з такім жа лікам саступіў жодзінскаму „Тарпеда -БелАЗ” – 0:1,

Сасновіч прайграла Гарсіі ў матчы 1/16 фіналу турніру ў Германіі

Беларуска Аляксандра Сасновіч прайграла францужанцы Каралін Гарсіі ў матчы 1/16 фіналу турніру ў нямецкім Бад-Хомбургу з прызавым фондам 251 750 даляраў — 6:2, 3:6, 4:6.

Беларускі дзюдаіст Даніэл Мукетэ стаў трэцім на турніры ў Краснаярску

Беларускі дзюдаіст Даніэл Мукетэ заняў трэцяе месца на Усерасійскі спаборніцтвах памяці В.Н.Гулідава Russian Judo Tour у Краснаярску. У сутычцы за трэцяе месца ў катэгорыі да 100 кг Даніэл Мукетэ павінен быў супернічаць з Заўрам Гасанавым, аднак незадоўга да паядынку прадстаўнік Расіі зняўся са спаборніцтваў з-за траўмы. Такім чынам, Даніэл Мукетэ аўтаматычна стаў бронзавым прызёрам турніру. Гэты медаль Russian Judo Tour для беларускай каманды ўжо трэці: раней Ксенія Даніловіч заваявала срэбра, а Яна Макрэцкая – бронзу.

Ферстапен стаў пераможцам „Гран-пры Канады”

Макс Ферстапен, які прадстаўляе „Рэд Бул”, выйграў гонку „Формулы-1” у рамках этапу „Гран-пры” ў Манрэалі. Другім стаў гоншчык „Ферары” Карлас Сайнс, трэцім — Льюіс Хэмілтан з „Мэрсэдэса”. Ферстапен лідыруе ў асабістым заліку „Формулы-1” са 175 ачкамі.

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]