Гандбалісты „Мяшкоў Брэст” пяты раз прайгралі ў Лізе чэмпіёнаў
Гандбалісты клуба „Мяшкоў Брэст” пацярпелі пятую паразу запар у новым сезоне Лігі чэмпіёнаў. У паядынку пятага тура берасцейцы саступілі ў гасцях французскаму „Манпелье” з лікам 26:32. У першым тайме госці доўгі час былі наперадзе, але потым гульня ў іх разладзілася, а гаспадары наадварот зайгралі мацней і ў выніку выйгралі з перавагай у шэсць мячоў. Самым выніковым у складзе „мяшкоўцаў” апынуўся Батыст Банфон, які закінуў 5 мячоў. Свой наступны паядынак берасцейцы правядуць 28 кастрычніка на хатняй арэне супраць гандбалістаў „Эльверума”. У групе В польскі „Кельце” упэўнена перамог на сваёй арэне партугальскі „Порту” – 39:33. Беларускі легіянер польскага клуба Арцём Каралёк закінуў 5 мячоў.
Кіеўскае „Дынама” саступіла „Барселоне” ў Лізе чэмпіёнаў
Футбалісты кіеўскага „Дынама” пацярпелі другую паразу запар у Лізе чэмпіёнаў, саступіўшы ў гасцях іспанскай „Барселоне” 0:1. На поле „Камп Ноў” чэмпіёнам Украіны прыйшлося ў асноўным абараняцца. Яны пратрымаліся крыху больш за паўгадзіны, але на 36-й хвіліне чарговая атака гаспадароў поля завяршылася голам Жэрара Піке. Пасля перапынку перавага таксама было на баку „Барсы”, але вынік не змяніўся. Для каманды Рональда Кумана гэта першая перамога ў цяперашнім турніры. Беларускі форвард ўкраінскага чэмпіёна Ілля Шкурын на поле не выходзіў. У другім паядынку групы Е яе лідары футбалісты мюнхенскай „Баварыі” разграмілі ў Лісабоне „Бенфіку” 4:0 – Санэ адзначыўся дублем, Левандоўскі забіў свой чарговы гол, Эвертан здзейсніў аўтагол. Футбалісты пецярбургскага „Зеніта” прайгралі на сваім полі турынскаму „Ювентусу” 0:1. Адзіны мяч сустрэчы ў Санкт-Пецярбургу быў забіты ў самым канцы другога тайма – перамогу італьянскаму клубу прынёс гол Кулусэўскі. У іншым паядынку групы Н лонданскі „Чэлсі” упэўнена перайграў ў ангельскай сталіцы аўтсайдэра шведскі „Мальме” з лікам 4:0. У гэтай сустрэчы Жаржыньё двойчы рэалізаваў пенальці. У квартэце G аўстрыйскі „Зальцбург” замацаваўся на першым месцы, перамогшы на сваёй арэне нямецкі „Вольфсбург” з лікам 3:1. Галявы дубль ў другім тайме гэтай сустрэчы аформіў Ноа Окафор. Французскі „Ліль” у сябе дома згуляў унічыю з іспанскай „Севільяй” – 0:0. У квартэце F італьянская „Аталанта” з Бергама перамагала на выездзе англійскі „Манчэстар Юнайтэд” 2:0, але ў другім тайме гаспадары здолелі пераламіць ход паядынку і вырвалі перамогу 3:2 – вырашальны гол на рахунку Раналду. У Бернэ іспанскі „Вільярэал” перамог „Янг Бойз” – 4:1. Галявы дубль у свой актыў запісаў Альберта Марэна.
Менскія „Цмокі” перайгралі нямецкі „Крайльсхайм”
Сталічныя „Цмокі” на выездзе адолелі нямецкі „Крайльсхайм” у рамках другога тура Кубка Еўропы ФІБА – 81:77. Кларк набраў 19 ачкоў. У трэцім туры „Цмокі” 27 кастрычніка згуляюць у дацкім Орхусе супраць клуба „Бако Бірз”. Гульня пачнецца ў 19.30 па беларускім часе.
Беларускія гімнасты не змаглі пераадолець кваліфікацыйны раунд чэмпіяната свету ў Японіі
Беларускія спартоўцы не змаглі пераадолець кваліфікацыйны раунд чэмпіяната свету па спартовай гімнастыцы ў Японіі. Па выніках адбору вызначаліся 24 наймацнейшыя спартоўцы, якія паспрачаюцца за ўзнагароды ў шматбор’і, а таксама восем фіналістаў на кожным снарадзе. Усяго на турніры выступаюць 300 гімнастаў з 56 краін, якія разыграюць 12 камплектаў узнагарод: 7 у мужчын і 5 у жанчын.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
