Гандбалісты СКА восьмы раз выйгралі Кубак Беларусі



Гандбалісты мінскага СКА пасля трохгадовага перапынку сталі ўладальнікамі Кубка Беларусі. У Магілёве ў фінальным паядынку 26-га кубкавага турніру падначаленыя Ігара Папругі ўпэўнена выйгралі ў магілёўскага клуба „Машэка” з лікам 30:20. У паўфінале мінчане перамаглі „Гомель” 37:28, а гандбалісты „Машэкі” сенсацыйна адолелі чэмпіёна краіны „Мяшкоў Брэст” – 22:21. У гульні за бронзавыя ўзнагароды кубкавага турніру берасцейцы разграмілі гамяльчан 30:20.

Сасновіч прайграла ў 1/8 фіналу „Ралан Гарос” 

Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч, якая мае 47-ы нумар рэйтынгу WTA, не змагла выйсці ў чвэрцьфінал „Ралан Гарос”. У 1/8 фіналу беларуска саступіла ў двух сэтах італьянскай тэнісістцы Марціне Трэвізан – 6:7 (10:12), 5:7. У першым раундзе турніру ў Парыжы Аляксандра Сасновіч выйграла ў кітаянкі Ван Сіньюй (77) – 6:4, 6:1, у 1/32 фіналу адолела ў трохсэтавым паядынку пераможцу US Open – 2021 брытанку Эму Радукану – 3:6, 6:1, 6:1, а затым перамагла немку Ангеліку Кербер – 6:4, 7:6 (7:5). Раней выступы на кортах „Ралан Гарос” завяршылі яшчэ дзве беларускія тэнісісткі. Сёмая ракетка планеты Арына Сабаленка ў 1/16 фіналу прайграла італьянцы Каміле Георгі  – 6:4, 1:6, 0:6, а Вікторыя Азаранка  на гэтай жа стадыі саступіла швейцарцы Джыл Тайхман  – 6: 4, 5:7, 5:10. 

Зборная Чэхіі ў матчы з ЗША адыгралася з ліку 1:3

У матчы за 3-е месца на чэмпіянаце свету па хакеі ў прысутнасці амаль 10 тысяч гледачоў зборная Чэхіі перайграла каманду ЗША з лікам 8:4. Па ходзе паядынку чэхі саступалі з лікам 0:2 і 1:3. Такім чынам, зборная Чэхіі выйграла медалі чэмпіянату свету ўпершыню за апошнія 10 гадоў.

„Нёман” і „Белшына” згулялі ўнічыю 

Футбалісты гарадзенскага „Нёмана” згулялі ўнічыю з бабруйскай „Белшынай” у апошнім паядынку 10-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў Гародні прайшла з перавагай гаспадароў поля, у складзе якіх двойчы вызначыўся Павел Савіцкі. На 19-й хвіліне ён адкрыў лік, а на пачатку другога тайма рэалізаваў пенальці. Аднак потым госці здолелі пераламіць ход паядынку. Спачатку Дзмітрый Гомза адквітаў адзін мяч, а потым Муса Іса ўстанавіў канчатковы лік – 2:2.

Вынікі астатніх сустрэч гэтага тура: „Энергетык-БДУ” (Менск) – „Славія” (Мазыр) – 5:0, „Дынама” (Берасце) – БАТЭ (Барысаў) – 0:3, „Слуцк” – „Гомель” – 2:2, „Іслач”  – „Днепр” (Магілёў) – 3:2, „Менск” – „Арсенал” (Дзяржынск) – 2:0, „Шахцёр” (Салігорск) – „Віцебск” – 2:0, „Тарпеда-БелАЗ” (Жодзіна) – „Дынама” (Менск) – 3:4. У турнірнай табліцы лідыруе БАТЭ, які набраў 23 ачкі пасля 9 матчаў, у „Энергетыка-БДУ” – 22 ачка пасля 10, у „Дынама” (Менск) – 21. Цяпер у чэмпіянаце перапынак, звязаны з матчамі нацыянальнай і моладзевай зборных Беларусі.

„Нотынгем Форэст” вярнуўся ў эліту брытанскага футбола праз 23 гады.

Футбалісты „Нотынгем Форэст” абыгралі „Хадэрсфілд” 1:0 у вырашальным матчы міні-турніру за выхад у англійскую Прэм’ер-Лігу. Ключавым эпізодам сустрэчы стаў аўтагол арандаванага ў „Чэлсі” абаронцы „тэр’ераў” Леві Колвіла на 43-й хвіліне. Ён ненаўмысна адбіў удар Джэймса Гарнэра ў сваю браму. Апошні раз каманда з горада-пабраціма Менска выступала ў вышэйшым дывізіёне чэмпіянату Англіі ў 1999 годзе. Раней пуцёўкі туды здабылі „Фулхэм” і „Борнмут”.

Перэс выйграў Гран-пры Манака

Серхіа Перэс з каманды „Рэд Бул” выйграў Гран-пры Формулы-1 Манака, старт якога адклалі на гадзіну з-за моцнага дажджу. Значная частка гонкі прайшла на вільготнай трасе. Бліжэй да яе сярэдзіны асфальт ужо высах. Мік Шумахер не справіўся з кіраваннем і ўляцеў у бар’еры. З-за гэтага, спаборніцтвы перапынілі на 29-м крузе. Рэстарт прайшоў за машынай бяспекі. Уладальнік поўла Шарль Леклер з „Ферары” стаў чацвёртым. У тройцы наймацнейшых фінішавалі Карлас Сайнс-малодшы („Ферары”) і Макс Ферстапен („Рэд Бул”).

Беларускае Радыё Рацыя

[manual_related_posts]