Гандбалісты СКА згуляюць з „Бэшыкташам” у Кубку ЕГФ



Беларускія гандбольныя клубы даведаліся супернікаў па 1/16 фіналу розыгрышу Кубка ЕГФ. Па выніках лёсавання ў Вене, гандбалістам менскага СКА выпала сустрэцца з турэцкім „Бэшыкташам”. Першая гульня адбудзецца 27 або 28 лістапада ў Стамбуле, у адказ – 4 ці 5 снежня ў Менску. У папярэднім кваліфікацыйным раўндзе віцэ-чэмпіёны Беларусі апынуліся мацней за ісландскі клуб „Хабнарф’ёрдзюр” – 37:29 (у гасцях) і 25:26 (дома). Гандбалісты «Бешыкташа» двойчы перайгралі на сваёй арэне ізраільскі „Халон” – 38:32 і 38:28. У 1/16 фіналу Кубка ЕГФ сярод жаночых каманд гандбалісткі берасцейскага клуба „Вікторыя-Бярэсце” будуць супернічаць з італьянскім „Брыксэнам”. Першую сустрэчу берасцейкі правядуць 13 ці 14 лістапада ў сябе дома, а 20 ці 21 лістапада згуляюць на пляцоўцы суперніц.

Іван Кульбакоў пераходзіць у маскоўскае „Дынама”

Беларускі брамнік Іван Кульбакоў пераходзіць у маскоўскае „Дынама”. Іван згуляў за „Віцязь” тры матчы, прапусціўшы восем шайбаў і адбіўшы 116 кідкоў (працэнт 93,5), знаходзячыся на праглядавым кантракце, і павінен быў падпісаць з падольскім клубам паўнавартаснае пагадненне. Аднак у апошні момант на сцэне з’явілася „Дынама”, і агент хакеіста адмовіўся ад кантракта з падольскім клубам. Бела-блакітныя напярэдадні прайгралі менавіта „Віцязю” 2:5, а Кульбакоў адбіў 45 кідкоў з 47. Першую трэніроўку ў „Дынама” Іван правядзе 26 кастрычніка.

Шаранговіч трэніруецца ў першым звяне „Нью-Джэрсі”

Беларускі форвард Ягор Шаранговіч трэніруецца ў першым звяне „Нью-Джэрсі”. На чарговым занятку трэнеры адправілі беларуса ў кампанію да Янэ Куокканену і капітану каманды Ніка Хішыру. У гэтым сезоне Шаранговіч набраў 3 (0 + 3) ачкі ў чатырох матчах пры паказчыку карыснасці „+1”. „Нью-Джэрсі” з шасцю баламі займае шостае месца ў табліцы Сталічнага дывізіёна. Наступны матч „Дэвілз” правядуць у ноч на 27 кастрычніка супраць „Калгары”.

Лісаковіч дапамог „Лакаматыву” абыграць „Сочы” у матчы чэмпіянату Расеі

Футбалісты маскоўскага „Лакаматыва” перамаглі „Сочы” з лікам 2:1 у апошнім матчы 12-га тура чэмпіянату Расіі. Беларускі нападнік „Лакаматыва” Віталь Лісаковіч, які прапусціў два папярэднія паядынкі з-за траўмы, выйшаў на замену на 79-й хвіліне гульні, паўабаронца Кірыл Зіновіч не гуляў. Раней лідэр расейскага першынства „Зеніт” разграміў у Санкт-Пецярбургу маскоўскі „Спартак” з лікам 7:1. Футбалісты „Краснадара” пад кіраўніцтвам беларускага спецыяліста Віктара Ганчарэнкі святкавалі буйную перамогу ў гасцях у „Ніжняга Ноўгарада” – 4:1.

Месі лідаруе ў рэйтынгу прэтэндэнтаў на „Залаты мяч”

Сайт Goal.com апублікаваў рэйтынг прэтэндэнтаў на „Залаты мяч”. Лідаруе ў спісе нападнік „ПСЖ” Ліянэль Месі, сёлета ён забіў 40 галоў і зрабіў 14 перадач. Таксама форвард выйграў Кубак Амерыкі са зборнай Аргенціны і Кубак Іспаніі з „Барселонай”. На другім радку размяшчаецца нападнік „Баварыі” Роберт Левандоўскі. Ён забіў 54 мяча і зрабіў 8 галявых перадач, а таксама выйграў бундэслігу, клубны чэмпіянат свету і Суперкубак Германіі. Трэцім ідзе паўабаронца „Чэлсі” Жаржыньё. Ён забіў 7 галоў і зрабіў 3 асісты, а таксама перамог на EURO-2020 у складзе зборнай Італіі і выйграў Лігу чэмпіёнаў і Суперкубак УЕФА. Цырымонія ўручэння „Залатога мяча” пройдзе 29 лістапада ў Парыжы.

Беларускае Радыё Рацыя