Гандбалісты зборнай Беларусі перамаглі расейцаў у кантрольным матчы
Гандбалісты зборнай Беларусі паспяхова правялі першы з двух кантрольных паядынкаў з камандай Расеі.
У менскім Доме гандбола падначаленыя Юрыя Шаўцова выйгралі з лікам 35:27. У першым тайме беларусы стварылі задзел у восем мячоў і пасля перапынку ўпэўнена ўтрымалі гэтую перавагу. 6 лістапада беларусы і расейцы правядуць другі спарынг у Менску.
Для абодвух супернікаў гэтыя матчы – адзін з этапаў падрыхтоўкі да фінальнай стадыі чэмпіянату Еўропы, які пройдзе з 13 па 30 студзеня на арэнах Венгрыі і Славакіі.
„Рух” выйграў у футбалістаў „Віцебска” ў матчы чэмпіянату Беларусі
Берасцейскі „Рух” перамог футбалістаў „Віцебска” з лікам 2:0 у стартавым матчы 28-га тура чэмпіянату Беларусі.
На 18-й хвіліне Яўген Шаўчэнка забіў першы мяч у браму Дзмітрыя Гушчанкі, а на 2-й кампенсаванай хвіліне другога тайма канчатковы лік усталяваў Усевалад Садоўскі.
Сёння ў цэнтральным паядынку 28-га тура футбалісты БАТЭ прымуць на поле „Барысаў-Арэны” менскае „Дынама”. Барысаўчане займаюць другую пазіцыю ў турнірнай табліцы, апярэджваючы сталічных дынамаўцаў усяго на адзін бал. Таксама „Шахцёр” згуляе на сваім полі са „Слуцкам”, а сталічны „Энергетык-БДУ” у Барысаве сустрэнецца з „Мінскам”.
Ягор Шаранговіч выходзіў на лёд у чацвёртым звяне ў прайграным матчы ў Лос-Анджэлесе
У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Нью-Джэрсі” на выездзе ў авертайме саступіў „Лос-Анджэлесу” з лікам 2:3. Форвард гасцей Ягор Шаранговіч выходзіў на лёд у чацвёртым звяне з Яне Куаканенам і Фрэдэрыкам Гоцье. У выніку Шаранговіч правёў на лёдзе 10 хвілін 18 секунд, ужыў адзін сілавы прыём і зарабіў „-1” па сістэме „плюс-мінус”. У сезоне ў Шаранговіча 9 гульняў і 3 перадачы.
Анастасія Зімянкова заняла пятае месца на маладзёжным Чэмпіянаце свету па жаночай барацьбе
Беларуская спартоўка Анастасія Зімянкова заняла пятае месца на маладзёжным чэмпіянаце свету па жаночай барацьбе ў Бялградзе.
У стартавай сутычцы ўраджэнка Менскай вобласці, якая выступае ў вагавай катэгорыі 72 кг, перамагла расейку Марыну Сураўцаву – 2:1. Затым была параза ад францужанкі Кендры Дахер – 0:11. Паколькі крыўдзіцелька беларускі трапіла ў фінал, Анастасія Зімянкова атрымала шанец трапіць у лік прызёраў спаборніцтваў. Спачатку ў суцяшальным раўндзе яна ўпэўнена перамагла немку Лілі Шнайдэр – 6:0, а затым пазмагалася за бронзу з італьянкай Элені П’ёлай, саступіўшы ў тушэ.
Баксёр Пак Сі Хун хоча аддаць залаты медаль Алімпіяды Рою Джонсу
Паўднёвакарэйскі баксёр Пак Сі Хун хоча перадаць залаты медаль Алімпійскіх гульняў 1988 года амерыканцу Рою Джонсу-малодшаму. Аб гэтым знакаміты атлет з ЗША заявіў журналістам.
Рой Джонс-малодшы прайграў Пак Сі Хуну ў фінале Гульняў у Сеуле. Пасля неаднаразова сцвярджалася, што суддзі незаслужана аддалі перамогу паўднёвакарэйскаму спартоўцу. Сам Пак Сі Хун таксама адзначаў, што ягоны супернік больш заслужыў перамогу.
„Гэты чалавек сам прыняў рашэнне і хоча, каб перамагла справядлівасць. Гасподзь усё робіць, як наканавана. Справядлівасць пераможа”, – сказаў Рой Джонс.
Адзначаецца, што пры гэтым вынік фіналу Алімпійскіх гульняў не будзе перагледжаны. Гэтае рашэнне можа прыняць толькі Міжнародны алімпійскі камітэт.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
