Ганна Гуськова заняла 3-е месца ў фінале на этапе Кубка свету ў фінскай Руцы



У фінскай Руцы завяршыліся спаборніцтвы жанчын у лыжнай акрабатыцы ў рамках этапа Кубка свету. Прадстаўніца зборнай Беларусі Ганна Гуськова паказала ў рашаючай стадыі трэці вынік.

Першыя два месцы ў кітайскіх спартовак. Яшчэ адна беларуска Ганна Дзяруга размясцілася ў пратаколе на 20-м месцы, а Анастасія Андрыянава была 30-й.

У мужчын беларускі фрыстайліст Дзмітрый Мазуркевіч заняў шостае месца. На сёмай пазіцыі яшчэ адзін беларус Ігар Драбянкоў. Максім Гусцік стаў 12-м, Станіслаў Гладчанка – 21-м, Павел Дзік – 26-м і Макар Мітрафанаў – 36-м. Перамога ў расейца Максіма Бурава. Другое месца ў кітайца Цзун’ян Цзя. Замкнуў тройку швейцарац Ной Рот.

Андрэй Лашко закінуў трэцюю шайбу ў QMJHL

Беларускі форвард „Шыкуцімі” Андрэй Лашко адкрыў лік у матчы супраць „Бленвіль-Буабрыяна”, аднак яго каманда саступіла з лікам 4:6. Беларус нанёс два кідкі і скончыў сустрэчу з паказчыкам карыснасці „-1”. Усяго ў цяперашнім сезоне Лашко правёў 6 гульняў у QMJHL, у якіх набраў 4 (3+1) ачкі.

„Далас” стаў першай камандай у гісторыі НХЛ, якая забіла ў першыя 75 секунд у чатырох матчах запар

У матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Далас” абгуляў „Каламбус” з лікам 3:2. Пры гэтым „Старз” адкрылі лік на 68-й секундзе намаганнямі Джэйсана Робертсана. Такім чынам, „Далас” стаў першай камандай у гісторыі НХЛ, якая закінула шайбы ў першыя 75 секунд у чатырох матчах запар — раней гэта адбылося ў гульнях з „Арызонай” (54 секунды), „Каларада” (72 секунды) і „Каралінай” (73 секунды). За ўсю гісторыю лігі толькі 13 камандам удалося гэта зрабіць у трох матчах запар

Майкл Кэрык пакінуў „Манчэстэр Юнайтэд” пасля перамогі над „Арсеналам”

Майкл Кэрык пакінуў „Манчэстэр Юнайтэд” пасля перамогі над „Арсеналам”. 40-гадовы ангелец быў выконваючым абавязкі галоўнага трэнера асноўнай каманды ў апошніх трох матчах. Пад кіраўніцтвам Кэрыка „Манчэстэр Юнайтэд” згуляў унічыю з „Чэлсі” (1:1), абыграў „Вільярэал” (2:0) і „Арсенал” (3:2).

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота: pressball.by