Ганна Сола выйграла срэбра ў гонцы пераследу на этапе КМ па біятлоне



Беларуская біятланістка Ганна Сола выйграла срэбра ў гонцы пераследу на 10 км на трэцім этапе Кубка свету, які завяршыўся ў Хохфільцэне. Беларуска, якая стартавала пад першым нумарам, тройчы прамахнулася на агнявых рубяжах і саступіла пераможцы з Нарвегіі Марце Олсбю-Ройселан 4,1 секунды. Таксама адзначым выступ яшчэ адной беларускі Дзінары Алімбекавай, якая здолела падняцца з восьмага месца на старце да чацвёртай пазіцыі ў пратаколе. Яна саступіла Марце Олсбю-Ройселан 48,1 секунды дапусціўшы адзін промах пры стральбе. Яшчэ адна беларуска Ірына Лешчанка фінішавала 48-й з 56 спартовак. Мужчынская зборная Беларусі заняла шостае месца па выніках эстафетнай гонкі 4х7,5 км.

„Зубры” абыгралі „Ёкерыт” 

Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі „Ёкерыт” з Хельсінкі ў хатнім матчы чэмпіянату КХЛ. Падначаленыя Крэйга Вудкрафта былі мацнейшымі з лікам 5:3. У другім перыядзе гледачы, якія сабраліся на „Менск-Арэне” падтрымаць хакеістаў, сталі сведкамі адразу трох узяццяў брамкі. На 23-й хвіліне матча вызначыўся гулец „зуброў” Тэйлар Бек, які пакараў брамніка гасцей за непаваротлівасць. Гуляючы ў фармаце 5 на 3 мінчане не ўпусцілі магчымасці павялічыць перавагу ў ліку. Мальце Стрэмваль замкнуў дыяганальную перадачу ад Тэйлара Бека. Надзею заўзятарам „Ёкерыта” падараваў Ніклас Енсэн, магутным кісцявым кідок з паўзоны скараціўшы адставанне да мінімуму. Здарылася гэта на 30-й хвіліне. У трэцім перыядзе Тэму Турунен аднавіў раўнавагу. „Дынамаўцы” на 46-й хвіліне сустрэчы зноў выйшлі наперад. Мальце Стрэмваль з вострага кута ўвагнаў шайбу ў далёкі верхні кут. Але гэта было не ўсё. На 49-й хвіліне Стрэмваль аформіў хет-трык. Фіны пайшлі наперад імкнучыся зноў адыграцца ім удалося закінуць трэцюю шайбу намаганнямі Хенры Іканена. Калі да фінальнай сірэны засталося зусім няшмат, трэнеры „Ёкерыта” ўзялі тайм-аўт. Але прапусцілі пяты гол.  У пустую брамку трапіў Раман Гарбуноў, які ўсталяваў канчатковы лік сустрэчы.

Баскетбалісткі „Гарызонта” перамаглі „Цмокi-Менск” на чэмпіянаце Беларусі

Баскетбалісткі „Гарызонта” святкавалі 12-ю перамогу запар у матчах жаночага чэмпіянату Беларусі.  Падначаленыя Наталлі Трафімавай ва ўпартай барацьбе адолелі свайго галоўнага канкурэнта – баскетбалістак „Цмокi-Менск” з перавагай у тры ачкі – 76:73. У складзе пераможцаў самай выніковай стала Анастасія Верамеенка, у актыве якой 19 ачкоў. Пасля гэтай перамогі дзейныя чэмпіёнкі краіны набралі 24 ачкі з 24 магчымых. У баскетбалістак гарадзенскай „Алімпіі”, якія разграмілі гамяльчанак з лікам 96:37, на два балы менш, „Цмокi” маюць 21 ачко ў 12 праведзеных сустрэчах.

«Рэал» упэўнена абыграў «Атлетыка» ў мадрыдскім дэрбі

На стадыёне «Санцьяга Бернабэў» у Мадрыдзе ў рамках 17-га тура іспанскай Прымеры «Рэал» прымаў «Атлетыка». Гаспадары святкавалі перамогу – 2:0. На 16-й хвіліне вызначыўся форвард Карым Бензема. На 57-й хвіліне гол забіў нападаючы Марка Асэнсіа. „Рэал” набраў 42 ачкі ў 17 матчах і займае 1-е месца ў турнірнай табліцы іспанскай. „Атлетыка” за 16 матчаў набраў 29 ачкоў, „матраснікі”  на 4-м месцы. „Барселона” згуляла ўнічыю на выездзе з „Асасунай” 2:2. Каталонцы двойчы вялі ў ліку, аднак гаспадары абодва разы здолелі адыграцца, прычым другі гол «Асасуна» забіла на 86-й хвіліне, вызначыўся Чымі Авіла. Такім чынам, «Барселона» не можа выйграць у Ла Лізе другі матч запар: у мінулым туры каманда Хаві саступіла «Бецісу» 0:1.

Беларускае Радыё Рацыя