Гарады ЧС па футболе-2018 напалохалі заўзятараў



Заўзятары і прадстаўнікі замежных кампаній пры звароце да расейскіх тураператараў пачалі адмаўляцца ад браніравання гасцініц у дні матчаў чэмпіянату свету па футболе 2018 года з-за завышаных коштаў, паведамляе  «Интерфакс».

Паводле даследавання, прадстаўленаму сэрвісам OneTwoTrip, у дні правядзення сутачны кошт пражывання на ўсіх аб’ектах размяшчэння ўзрастае ў разы ў параўнанні са звычайным коштам.

Самы завышаны кошт пражывання адзначаецца ў Калінінградзе – кошты ў перыяд з 14 чэрвеня па 15 ліпеня павысіліся ў 3,5 разы ў параўнанні з узроўнем травеньскіх святаў. Пры гэтым выбар месцаў для размяшчэння нязначны.

Аналагічная сітуацыя ў Ніжнім Ноўгарадзе. Пры невялікай колькасці прапаноў для браніравання ўзровень коштаў вышэй звычайнага ў 3,2 разы. У Екацярынбургу заўзятарам прыйдзецца заплаціць за гасцінічны нумар у 2,5 разы большы за яго рэальны кошт.

Масква знаходзіцца на шостым радку рэйтынгу OneTwoTrip, тут цэны паднімуцца ў 2 разы ў дні правядзення матчаў. Менш за ўсё зменяцца цэны ў сувязі з чэмпіянатам свету ў Санкт-Пецярбургу і Сочы – яны займаюць 10-ы і 11-ы радкі спісу адпаведна.

У Расеі чэмпіянат свету па футболе летам 2018 года будзе праходзіць у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Сочы, Самары, Саранску, Валгаградзе, Ніжнім Ноўгарадзе, Растове-на-Доне, Екацярынбурзе, Казані і Калінінградзе.