Гарадзенскія экстрэмалы сталі лепшымі сярод 21 каманды



На спаборніцтвах па  экстрэмальнай гульні Nightcity, што адбываліся на Аўгустоўскім канале, сярод двух дзясяткаў камандаў перамаглі гарадзенцы. Гэтым разам маладзёны паказалі сваё ўменне ў валоданні мясцовасцю, уменне прайсці водны шлях на байдарках, даведаліся пра вайскоую і турыстычную гісторыю рэгіёна. Апроч дзевяці камандаў з Гародні, удзел у мерапрыемстве прынялі каманды з Менску і Берасця, Гомеля і Магілёва. Адзіным замежным госцем стала каманда з Санкт-Пецербургу.

Пра сваю перамогу Беларускаму Радыё Рацыя расказвае Павал Пачкоўскі, прадстаўнік каманды-пераможцы турніру:

– Нягледзячы на тое, што мы ўсю гульню ішлі другімі, трэцімі, мы да самага канца нават ні на ёту не беглі марудней. Мы рабілі ўсё так, быццам мы лідзіруем, усё рабілі для перамогі. Да самага апошняга ўзроўню мы нават не думалі, што ў нас ёсць нейкія шанцы. Мы рабілі ўсё, што маглі. І ў выніку аказалася, што гэтага дастаткова, каб заняць першае месца.

Пасля святочнай часткі ўручэння ўзнагародаў прысутных чакала начная дыскатэка і конкурсы. Гэты спабор і начныя мерапрыемствы праходзілі у рамках ХІ гадавіны праекта “Начны горад”.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня

Фота Савелія Малчанава