Гарадзенскія музыкі гуляюць у футбол супраць расізму



У гісторыі гарадзенскага футбола з’явілася каманда, якая адкрыта пазіцыянуе свае погляды. На цішотках маладзёнаў, што заявіліся на агульнагарадскі гарадзенскі чэмпіянат па міні-футболе, можна ўбачыць яскравы надпіс “Супраць расізму”. Гэта каманда ГПК ці па-іншаму – “Гродна Панк Крю”.

IMG_6078 1

 

Сярод спартоўцаў можна ўбачыць і спевакоў розных гарадзенскіх гуртоў, грамадскіх актывістаў і простых гарадзенцаў.

Пра каманду і яе ўдзельнікаў распавядае яе дырэктар, гарадзенскі музыка Ігар Банцар:

– Гарадзенскія панкі і іншыя нефармалы гуляюць у футбол ужо даўно. Гэта пачалося яшчэ ў канцы 90-х, некаторыя з іх спрабавалі свае сілы і ў прафесійных клубах. А ў мінулым годзе мы падумалі, а чаму б нам не згуляць на сур’ёзным узроўні? Мы сабралі грошы, купілі форму. І наш пасыл – “Супраць расізму”. Мы супраць расізму ў футболе, супраць фашызму і ўсіх ксенафабічных праяў.

За першыя шэсць гульняў у актыве маладзёнаў ўжо некалькі перамог, сярод якіх – вельмі яскравая перамога супраць футбалістаў “Белтэлекаму” з лікам 7:4. На гульнях, дзе ўдельнічаюць гульцы з ГПК, заўсёды прыходзіць не адзін дзясятак заўзятараў, сярод якіх таксама людзі розных поглядаў, што вельмі здзіўляе гульцоў іншых каманд.

Беларускае Радыё Рацыя, Гародня