Гарбінье Мугуруса ўпершыню выйграла выніковы турнір WTA
Іспанка Гарбінье Мугуруса ўпершыню стала пераможцай выніковага турніру Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA). У вырашальным паядынку спаборніцтваў у мексіканскай Гвадалахары пятая ракетка свету перамагла ў дзвюх партыях эстонскую тэнісістку Анет Кантавэйт, якая займае 8-е месца ў рэйтынгу WTA, – 6:3, 7:5. Мугуруса і Кантавэйт сустракаліся і на групавой стадыі гэтага турніру, і тады таксама перамагла 28-гадовая іспанская тэнісістка – 6:4, 6:4.
Златан Ібрагімавіч падоўжыць кантракт з „Міланам” да 2023 года
Нападнік „Мілана” Златан Ібрагімавіч прадоўжыць кантракт з клубам. Тэрмін дзеяння цяперашняга кантракта Ібрагімавіча заканчваецца ў канцы гэтага сезона. Як паведамляе La Gazzetta dello Sport, новае пагадненне будзе разлічана да чэрвеня 2023 года. Паведамляецца, што перш, чым пачаць перамовы са шведскім форвардам, „Мілан” плануе падпісаць новыя кантракты з Тэа Эрнандэсам, Рафаэлам Леау і Ісмаэлем Беннасерам.
Гандбалісткі „БНТУ-БелАЗа” перамаглі гамяльчанак у чэмпіянаце Беларусі
Гандбалісткі „БНТУ-БелАЗа” дзявяты раз перамаглі ў матчах чэмпіянату Беларусі і дагналі „Гомель” у турнірнай табліцы. У сваім дзясятым паядынку падапечныя Канстанціна Шараварава разграмілі на выездзе гандбалістак „Віцябчанкі” з лікам 42:23 (20:16). Самай выніковай у складзе пераможцаў аказалася Яніна Елісеева, якая закінула 9 мячоў. Пасля гэтай перамогі ў актыве „БНТУ-БелАЗа” стала 18 у дзесяці праведзеных сустрэчах, столькі ж у гандбалістак „Гомеля”, якія правялі на адну гульню менш. Трэцяй ідзе „Гараднічанка” – 13 ачкоў.
Максім Сушко набраў трэці бал за „Ліхай Вэлі”
У матчы рэгулярнага чэмпіянату АХЛ „Ліхай Вэлі” прайграў „Шарлот” з лікам 3:4. У прайграўшых асістам вызначыўся беларускі нападнік Максім Сушко. Беларус нанёс адзін кідок па брамцы і скончыў гульню з паказчыкам карыснасці „+1”. У дзесяці гульнях сезона на рахунку Сушко 3 (1+2) бала.
Нік Бэйлен выйшаў на другое месца ў спісе бамбардзіраў КХЛ
Беларускі абаронца „Трактара” Нік Бэйлен адзначыўся асістам у матчы КХЛ супраць „Сібіры” (3:2 Б). Гэта дазволіла абысці нападніка „Віцязя” Ніка Аямякі і выйсці на другое месца ў спісе бамбардзіраў лігі. Цяпер у Бэйлена 31 (4+27) ачко ў 30 гульнях. Лідыруе ў табліцы бамбардзіраў форвард маскоўскага „Дынама” Вадзім Шыпачоў, у якога 41 (15+26) бал, — перадае сайт ФХБ.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
