Георгій Кандрацьеў: У футболе стала менш рамантыкі
“Мне падабаецца гэты чэмпіянат, але еўрапейскі футбол стаў больш прагматычны”, – кажа пра Еўра-2016 экс-галоўны трэнер зборнай Беларусі па футболе, а цяпер настаўнік ФК “Мінск” Георгій Кандрацьеў.
Георгій Кандрацьеў: Мяне здзівіла, што ўкраінцы так слаба згулялі – прайгралі ўсе тры матчы. Але тут трэба ведаць унутраную кухню ў зборнай, каб рабіць нейкія высновы. Хаця першы матч з немцамі добры выдалі, а вось затым было ўсё горш і горш. Каманда па складзе добрая, гульцы майстаравітыя, але не ведаю, што там у іх адбылося…
РР: Ці падабаецца вам гэтае першынство?
Георгій Кандрацьеў: Падабаецца, я з задавальненнем гляджу матчы і тое, як гуляюць лідары ў камандах. Той жа Гарэт Бэйл у зборнай Уэльса, паляк Левандоўскі, харват Модрыч…
РР: Ужо адзначана, што Еўра-2016 – не вельмі рэзультатыўны чэмпіянат…
Георгій Кандрацьеў: Зараз, калі першынство праходзіць па новай сістэме, практычна кожная каманда да канца групавога этапа захоўвае шанц выйсці ў плэй-оф, бо патрпіць туды можна нават з трэцяга месца. Таму ніхто не хоча рызыкаваць, кожна стараецца “зачапіцца” за вынік. Адсюль і такая нізкая рэзультатыўнасць. Гэта адна з галоўных прычын.
РР: Еўрапейскі футбол стаў больш прагматычны?
Георгій Кандрацьеў: Безумоўна. Рамантыкі ўжо менш, хаця заўзятараў гэта, шчыра прызнаемся, не радуе. Але, калі паглядзець на сітуацыю з іншага боку, то для тых жа заўзятараў вельмі важны вынік. І ў такім выпадку нечым даводзіцца ахвяраваць.
РР: Вас на першынстве нехта здзівіў?
Георгій Кандрацьеў: Здзівіла зборная Паўночнай Ірландыі, якая выйшла ў плэй-оф. Шчыра кажучы, я думаў, што яны ніводнага ачка не возьмуць. А вось Расея паказала нейкую незразумелую гульню. У тым жа матчы з Уэльсам не ведала, што ёй рабіць на полі.
Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя