Герасімаў у 1-м раўндзе выляцеў з Уімблдона



Беларускі тэнісіст Ягор Герасімаў выбыў ужо пасля стартавага матча кваліфікацыі Уімблдонскага турніру. У паядынку 1-га раўнда адборачнай стадыі Ягор Герасімаў у двух сэтах прайграў 200-й ракетцы планеты амерыканцу Дональду Янгу – 4: 6, 6: 7 (3: 7). Беларусу не дапамагла нават відавочная перавага па колькасці эйсаў (11-2) і адсутнасць двайных памылак (у суперніка такіх было 3).

Вызначаны склад жаночай зборнай на Еўрабаскет

Трэнерскі штаб жаночай зборнай Беларусі вызначыў канчатковы склад нацыянальнай каманды на чэмпіянат Еўропы-2019, які стартуе 27 чэрвеня ў Сербіі і Латвіі, паведамляе «Прессбол». З-за траўмаў зборнай Беларусі пад кіраўніцтвам Наталлі Трафімавай не дапамогуць дасведчаная цэнтравая Алена Леўчанка і лёгкі форвард Ксенія Малашка.

Абаронцы – Алекс Бэнтлі («Атланта», WNBA), Вольга Зюзькова («Гарызонт», Менск), Таццяна Ліхтаровіч („Сокал”, Чэхія), Арына Масько («Алімпія», Гародня), Аляксандра Тарасава («Гановер», Нямеччына), Юлія Рыцікава («Гожув», Польшча).

Форварды – Яніна Інкіна (універсітэт Арканзас, ЗША), Марыя Папова («Гожув», Польшча), Кацярына Сныціна («Хатай», Турцыя).

Цэнтравыя – Ганна Брыч («Гарызонт», Менск), Анастасія Верамеенка («Фенербахчэ», Турцыя), Вікторыя Гаспер («Цмокi-Менск»).

На папярэдняй стадыі Еўрабаскета-2019 беларускі згуляюць у групе «D» у сербскім Зрэняніне. Іх суперніцамі стануць бельгійкі, расейкі і гаспадыні турніру сербкі.

«Дынама» пазмагаецца за Кубак губернатара ў Ніжнім Ноўгарадзе

Хакеісты менскага „Дынама” у пачатку жніўня прымуць удзел у перадсезонным турніры за Кубак губернатара Ніжагародскай вобласці. У першы дзень спаборніцтваў, 7 жніўня, менчукі, якіх нядаўна ўзначаліў канадскі спецыяліст Крэйг Вудкрафт, згуляюць з камандай са сталіцы Узбекістана „Хумо”. Затым 8 жніўня „зубры” сустрэнуцца з маскоўскім „Дынама”, а 10 жніўня будуць сапернічаць з ніжагародскім „Тарпеда”. Пасля завяршэння турніру 11 жніўня адбудзецца галоўны фінал і паядынак за 3-е месца. Падрыхтоўку да новага сезона хакеісты менскага „Дынама” пачнуць у сярэдзіне ліпеня ў Пінску, пасля чаго адправяцца ў Ніжні Ноўгарад. Затым менчукі згуляюць у розыгрышы Кубка Беларусі, які пройдзе 17-18 жніўня ў Воршы, а з 20 па 25 жніўня ў Рызе выступяць у Кубку Латвійскіх чыгунак.

Аксенцюк збіраецца працягнуць кар’еру за акіянам

Беларускі нападнік Яўген Аксенцюк прыме ўдзел у лагеры развіцця клуба НХЛ „Манрэаль Канадыенс”. Гэтую інфармацыю пацвердзіў агент хакеіста Дэн Мільштэйн. Лагер самага тытулаванага клуба НХЛ як раз расчыніў свае дзверы. Мінулы сезон Аксенцюк правёў у „Шахцёры”. У снежні ён удзельнічаў у маладзёжным чэмпіянаце свету ў дывізіёне 1А ў Фюсэне, а ў красавіку стаў лепшым бамбардзірам юніёрскай зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету сярод аднагодкаў. Таксама Яўген прыцягваўся Андрэем Сідарэнкам ў нацыянальную каманду на таварыскія матчы. У мінулы ўік-энд Аксенцюк знаходзіўся ў Ванкуверы на драфце НХЛ. Аднак ніводзін клуб так і не абраў нападніка. Тым не менш 18-гадовы ўраджэнец Берасця цвёрда мае намер працягнуць кар’еру за акіянам.

Рутэнка пасварыўся з Канаплёвым і сыходзіць з федэрацыі гандбола

Паводле інфармацыі Tribuna.com, самы паспяховы гандбаліст Беларусі XXI стагоддзя 6-разовы пераможца Лігі чэмпіёнаў Сяргей Рутэнка напісаў заяву аб сыходзе з пасады намесніка старшыні Беларускай федэрацыі гандбола. Гэта адбылося пасля публічнага канфлікту са старшынёй Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімірам Канаплёвым падчас пасяджэння выканкама. 37-гадовы Сяргей Рутэнка выказаўся супраць адмены ліміту на легіянераў у чэмпіянаце Беларусі. Бакі на працягу некалькіх хвілін у досыць рэзкай форме выказалі аргументы адзін аднаму. На галасаванні Рутэнка стаў адзіным, хто прагаласаваў супраць адмены ліміту. Астатнія чальцы выканкама, у тым ліку галоўны трэнер зборнай Беларусі Юрый Шаўцоў, прагаласавалі за адмену.

Бразілія з Парагваем, Венесуэла з Аргенцінай – вызначаны чвэрцьфіналісты Кубка Амерыкі

Мінулай ноччу на Кубку Амерыкі завяршыўся групавы этап: у апошніх паядынках квартэта „С” Уругвай вырваў у канцоўцы перамогу над Чылі дзякуючы голу на 82-й хвіліне Эдзінсана Кавані, а Эквадор і Японія разышліся мірам – 1: 1. Такім чынам сталі вядомыя склады ўсіх чвэрцьфінальных пар. У пятніцу Бразілія згуляе з Парагваем, а Венесуэла з Аргенцінай. У суботу вызначацца пераможцы ў парах: Калумбія – Чылі, Уругвай — Перу.

Беларускае Радыё Рацыя