Герман прыбегла трэцяй у Осла



Герман прыбегла трэцяй у Осла

Бягуха Эльвіра Герман заняла трэцяе месца ў бегу на 100 метраў з бар’ерамі на этапе „Брыльянтавай лігі” у Осла. У фінале беларуска прабегла дыстанцыю за 12,84 секунды. Выйграла спрынт Крысціна Клемонс з ЗША – 12,69 секунды. Алімпійская чэмпіёнка амерыканка Брыанна Макніл дапусціла фальстарт і была дыскваліфікаваная. У сектары для скачкоў у вышыню беларуска Карына Таранда заняла чацвёртае месца з вынікам 1 метр 94 сантыметры. Першае месца ў расейкі Марыі Ласіцкенэ – 2 метры 1 сантыметр. У спаборніцтвах сярод штурхальніц ядра беларуская спартоўка Алена Дубіцкая стала шостай – 18 метраў 41 сантыметр. Перамагла кітаянка Лі Цзяо Гонь – 19 метраў 51 сантыметр.

Крывушэнка развітаўся са зборнай

У Доме футбола адбылася сустрэча кіраўніцтва Беларускай федэрацыі футбола з галоўным трэнерам нацыянальнай зборнай Ігарам Крывушэнкам. Па яе выніках было прынята рашэнне аб спыненні супрацоўніцтва спецыяліста з федэрацыяй па ўзаемнай згодзе бакоў.

Ігар Крывушэнка падзякаваў каманду і заўзятараў за падтрымку, якая аказвалася трэнерскаму штабу і выказаў упэўненасць, што ў далейшым зборную Беларусі чакае светлая будучыня.

Ігар Крывушэнка ўзначаліў зборную Беларусі ў сакавіку 2017 года. Пад яго кіраўніцтвам каманда правяла 25 матчаў, у 8 перамагла пры 4 нічыіх і 13 паразах. Зборная змагла выйсці ў плэй-оф Лігі нацый, але адборавы цыкл да чэмпіянату Еўропы пачала з чатырох паразаў запар, двойчы саступіўшы Паўночнай Ірландыі, а таксама па разу Нідэрландам і Нямеччыны.

Беларускія гандбалісты згуляюць на Еўра-2020

Беларуская зборная па гандболе згуляе ў фінальнай частцы чэмпіянату Еўропы-2020. Каманда Юрыя Шаўцова апынецца найменьш адной з чатырох лепшых каманд, якія зоймуць трэція месцы ў сваіх групах кваліфікацыі. Датэрміновае рашэнне турнірнай задачы стала магчымым дзякуючы перамозе зборнай Расеі над італьянцамі. Напярэдадні зборная Беларусі апынулася мацней за каманду Босніі і Герцагавіны.

Апошнюю гульню адборавага этапу беларуская каманда правядзе 16 чэрвеня ў Берасці супраць сапернікаў з Фінляндыі.

Феактыстаў перайшоў у склад «зуброў»

Беларускі нападнік Мікіта Феактыстаў падпісаў аднагадовы двухбаковы кантракт з хакейным клубам „Дынама-Менск”. Прафесійную кар’еру ён пачаў у другой камандзе гарадзенскага „Нёмана”. Апошнія два сезоны хакеіст гуляў у Расеі: за цюменскі „Рубін” у ВХЛ і „Адмірал”. У мінулым чэмпіянаце КХЛ нападнік правёў 34 матчы і набраў 6 ачкоў пры паказчыку карыснасці „-3” і 12 хвілінах штрафу. Гэтай вясной беларус дэбютаваў у нацыянальнай зборнай. На рахунку Мікіты Феакцістава тры шайбы: у брамкі Літвы, Вугоршчыны і Казахстана.

«Таронта» стаў першым чэмпіёнам НБА не з ЗША

«Таронта» выйграў шосты матч фінальнай серыі НБА у «Голдэн Стэйт Уорыарз» і стаў чэмпіёнам лігі. Сустрэча завяршылася з лікам 114:110.

Па ходу матча «Голдэн Стэйт» страцілі Клея Томпсана, які траўмаваў калена, але і так Томпсан стаў самым выніковым гульцом матчу – ён набраў 30 ачкоў. Лідэр «Таронта» Кавай Леанард правёў на пляцоўцы 41 хвіліну і набраў 22 ачкі. Такім чынам «Таронта» выйграў серыю з лікам 4: 2 і ўпершыню ў сваёй гісторыі стаў чэмпіёнам НБА. Каманда змагла перамагчы пасля першага траплення ў фінальную серыю. Таксама «Таронта» стаў першым клубам не з ЗША, які заваяваў чэмпіёнства НБА.

Беларускае Радыё Рацыя