Германія і Бразілія ўжо ў паўфінале



Два чвэрцьфінальныя матчы на чэмпіянаце свету па футболе 4 ліпеня завяршыліся ў адпаведнасці з ранжырам. У паўфінале паміж сабой далей сустрэнуцца Германія і Бразілія.

Звыклы мінімалізм

Германія зноў дамаглася мізэрнага па ліку поспеху, на гэты раз яе ахвярай на стадыі чвэрцьфіналу стала французская дружына. Бундэстым пакідае дваістае ўражанне. Гэта зусім не ранейшая магутная машына, аднак яна нібы па інерцыі дамагаецца максімальнага поспеху пры, здавалася б, мінімальных высілках.

Галоўная праблема цяперашняй зборнай Францыі – гэта дэфіцыт сапраўды класнага форварда-рэалізатара. Такога, якімі ў свой час былі Цьеры Анры і Давід Трэзеге, ці ў больш далёкую эпоху Бернар Лякомб і Дамінік Рашто. Пры ўважлівым разглядзе ні Карым Бензема, ні Аліўе Жыру ніяк не цягнуць на гэтую ролю. Немцам жа, часам, дастаткова і паўмоманту. Яўхім Лёў ізноў не паслухаўся ніякіх парадаў і выпусціў упершыню ў старце Міраслава Клозэ, а Андрэ Шурле пакінуў у запасе. Ход у цэлым выглядаў непераканаўча – застаюся пры ранейшым меркаванні – куды эфектыўней было б наадварот. Галоўным героем жа на гэты раз выступіў Матс Хумельс. На 13-й хвіліне баварац Тоні Крос выканаў навес са штрафнога, а абаронец дортмундскай “Барусіі” бліскуча згуляў галавой на апярэджанне. Далей немцы ўсяляк перакрывалі кісларод французскаму легіёну і згулялі на ўтрыманне патрэбнага ліку.

¼ фіналу. Германія – Францыя – 1:0. Гол: Матс Хумельс, 13.

Лепшыя гульцы сустрэчы Матс Хумельс і Мацьё Вальбуэна.

Высокая цана

Паўднёваамерыканскі двубой суседзяў да радасці бразільскай тарсіды завяршыўся вікторыяй гаспадароў чэмпіянату. Поспех Бразіліі, аднак, азмрочаны стратай з-за сур’ёзнай траўмы лідара пентакампеонаў Нэймара. Медыкі дыягнаставалі ў яго пералом пазванка. Не згуляе больш на мундыялі і лепшы бамбардзір першынства калумбіец Хаймес Радрыгес, каманда якога проста спыніла свой далейшы шлях.

Бразільцы прымусілі змяніць калумбійцаў звыклую жоўтую форму, разам з якой дружына Хасэ Пекермана страціла і фарт. Ужо на 5-й хвіліне калумбійцы прапусцілі, хоць сітуацыя гэтага яшчэ не дыктавала. Нэймар падаў кутні, мяч нейкага крануўся і трапіў да прыйшоўшага ў атаку капітана Ціагу Сільвы. Той незразумела як аставаўся адзін без апекі і каленам здолеў пераправіць мяч у сетку.

Ніякай дынамікі ў сустрэчы не было, усё з-за таго, што каманды бясконца фалілі і свісток арбітра не замаўкаў. Невыпадкова, што ўсе галы былі забітыя менавіта пасля стандартаў. Перавагу селесао замацаваў іншы абаронец бразільцаў Давід Луіс, які ўрэшце выпрасіў у партнёраў права выканаць штрафны ўдар. Гарматны стрэл пад самую папярэчыну быў бездакорным – калумбійскі Давід – брамнік Аспіна толькі крыху закрануў мяч пальцамі. Калумбійцы рабілі ўсё, што было ў іх сілах, але не ішлі апошнія перадачы ў Хуана Куадрада, а дружына Луіса-Феліпе Скалары ў цэлым надзейна дзеіла пры разбурэнні. І ўсё ж Карлас Бака зарабіў заслужаны пенальці, які ўпэўнена рэалізаваў Хаймес Радрыгес. Але гэта быў толькі развітальны жэст лепшага бамбардзіра, які з 6 мячамі пакідае турнір.

¼ фіналу. Бразілія – Калумбія – 2:1. Галы: Ціагу Сільва, 7, Давід Луіс, 69; Хаймес Радрыгес, 80, з пенальці.

Лепшыя гульцы сустрэчы Давід Луіс і Хаймес Радрыгес.

***

Сёння на чэмпіянаце пройдуць яшчэ два чвэрцьфінальныя матчы. Ад сустрэчы Аргенціны з Бельгіяй на стадыёне сталіцы Бразіліі многія небеспадстаўна чакаюць найбольш прывабнай гульні. Абедзве дружыны дагэтуль толькі перамагалі, зараз непазбежна нехта зведае горкі прысмак паразы. У стане аргенцінцаў па-ранейшаму траўмаваны Серхіё Агуэра, а абаронец Маркас Роха прапусціць сустрэчу з-за дзвюх жоўтых картак. Паміж сабой супернікі сустракаліся 4 разы – тры матчы выйгралі “альбіселестэ”, 1 раз – бельгійцы. Аматары са стажам напэўна памятаюць матч адкрыцця мундыялю 1982 году, калі ван дэн Берг і кампанія абыгралі дзейсных на той час чэмпіёнаў свету 1:0. Аргенцінцы, праўда, на чале з Марадонам узялі рэванш на мексіканскім першынстве 1986-га – 2:0.

На гэтым турніры бельгійцы больш за іншых б’юць па браме супернікаў, аргенцінцы найбольш кантралююць мяч. Цікава будзе назіраць за тактычнай спрэчкай трэнераў Марка Вільматса і Алехандра Сабельі.

Пазней у Салвадоры зыдуцца зборныя Нідэрляндаў і Коста-Рыкі. Раней каманды з розных кантынентаў не сустракаліся ніколі. Костарыканцы выбілі з турніру ўжо тры еўрапейскія дружыны – Італію, Англію і Грэцыю. Ці хопіць у іх сіл на “аранжавых” – вялікае пытанне. Галяндцы другі мундыяль запар не дэманструюць фірмовай гульні, затое ўпэўнена ідуць па турнірнай дыстанцыі. Луіс ван Гал пасля страты траўмаванага “бульдога” Найджэла дэ Ёнга, мусіць перафарматаваць шэрагі. У астравіцянаў гульню з-за выдалення ў 1/8-й прапусціць Оскар Дуартэ. У ва многім вынік будзе залежаць ад таго, ці дадуць рады костарыканцы рэйдам неўтаймаванага пакуль Ар’ена Робэна.

Уладзімір Хільмановіч/Uladzimir Khilmanovich, Беларускае Радыё Рацыя