Гонкі пераследу ў Конціёлахці



На чэмпіянаце свету па біятлоне ў фінскім Конціёлахці 8 сакавіка прайшлі гонкі пераследу. Мужчынскую дысцыпліну выйграў немец Эрык Лесэр, які стартаваў толькі з 5-й пазіцыі, але быў бездакорны на ўсіх чатырох стралковых рубяжах. Серабро выйграў Антон Шыпулін з Расеі. Нарвежац Тар’ё Бо адбараніў сваю бронзавую пазіцыю. Знакаміты яго суайчыннік Уле-Айнар Б’ёрндален фінішаваў пятым, узняўшыся аж на 19 пазіцый. Беларус Юрый Лядаў, які напярэдадні паказаў 16-ы час, у гонцы пераследу скончыў дыстанцыю 17-ым.

У жанчын другое золата павесіла на шыю францужанка Мары Дарэн Абэр. Сярэбраны медаль выйграла немка Лаура Дальмаер. Трэцяе месца ў полькі Веронікі Навакоўскай-Земняк. Дар’я Домрачава была ў гэты дзень падобная на саму сябе, але ўсё ж двойчы не трапіла ў мішэнь. У выніку яна фінішавала 7-й, стартаваўшы толькі 25-й. Пры тым Домрачава ізноў апярэдзіла ў пратаколе сваю галоўную суперніцу Кайсу Мякярайнен.

Беларускае Радыё Рацыя