Грузінскі бок адмовіў берасцейскаму «Дынама» праводзіць матч ЛК у Батумі



Намінальна хатні паядынак берасцейскага „Дынама” ў рамках Лігі канферэнцый з «Вікторыяй» адбудзецца не ў Батумі, як планавалася. Пра гэта паведамляе фан-акаўнт берасцейцаў «MyDinamo».

«Прычына – адмова грузінскага боку. Зараз прапрацоўваюцца іншыя варыянты, у прыватнасці сталіца Арменіі – Ерэван», – паведамляе крыніца. Гульня была запланаваная на 29 ліпеня. Першая сустрэча двухматчавага супрацьстаяння адбудзецца 22 ліпеня на «Дусан Арэне» ў Пльзені. Беларускія клубы ў еўракубках вымушаныя праводзіць хатнія матчы за мяжой з-за лагістычных складанасцяў.

Зборная Беларусі па пляжным футболе даведалася супернікаў па чэмпіянаце свету

У Цюрыху (Швейцарыя) прайшло лёсаванне чэмпіянату свету 2021 года ў пляжным футболе. Зборная Беларусі трапіла ў квартэт „С”, дзе пазмагаецца з Бразіліяй, Швейцарыяй і Сальвадорам. Беларусы ўсяго другі раз у гісторыі выступяць у фінальнай стадыі планетарнага форуму. Мундыяль у гэтым годзе пройдзе ў Маскве з 19 па 29 жніўня.

Вольга Гаварцова выйшла ў паўфінал „Чэленджэра” у Швецыі

Беларуска Вольга Гаварцова (N136 ВТА) стала ўдзельніцай паўфіналу турніру катэгорыі „Чэленджэр” у шведскім Бастадзе. У чвэрцьфінале спаборніцтваў яна ў двух партыях перамагла суперніцу з Егіпта Марыю Шэрыф Абдэльазізу (119), пасеяную тут пад трэцім нумарам, – 6:4, 6:2.

Ілля Рашчэня стаў гульцом „Валгара”

Экс-абаронца „Слуцка” Ілля Рашчэня стаў гульцом Астраханскага „Валгара” (Расея, Д2). У сёлетнім чэмпіянаце Беларусі 24-гадовы футбаліст правёў 15 матчаў і атрымаў тры жоўтыя карткі. Што тычыцца „Валгара”, то ён у мінулым сезоне заняў трынаццатае месца ў другім дывізіёне чэмпіянату Расеі. У стартавым туры новага першынства астраханцы 10 ліпеня згуляюць у гасцях з „Арэнбургам”.

Мікіта Кучараў стаў найлепшым бамбардзірам Кубка Стэнлі два разы запар

Нападнік „Тампы” Мікіта Кучараў другі раз запар стаў лепшым бамбардзірам Кубка Стэнлі. Па выніках мінулага розыгрышу расеец набраў 32 (8+24) ачкі. Кучараў стаў першым за 30 гадоў хакеістам, якому ўдалося два разы запар заваяваць званне найлепшага бамбардзіра ў плэй-оф НХЛ. Да яго гэта змог зрабіць Марыё Лемье (1991, 1992).

Беларускае Радыё Рацыя