Гульцы „Ягі” забілі 2 мячы – абодва ў сваю браму



„Ягелонія” Беласток у перадапошнім матчы асноўнага сезона прайграла з „Падбескідзем” Бельска-Бяла 0-3. Матч для беластачанаў пачаўся дрэнна – на 14-ай хвіліне гол ва ўласную браму забіў Марэк Васілюк. Праз 20 хвілін сітуацыю паўтарыў іншы футбаліст „Ягі” – бразілец Гуці. У другой палове матча гульцы „Падбескідзя” таксама забілі гол у браму „Ягелоніі”, заўзятары якой не хавалі эмоцый. Пасля матчу трэнер беластачанаў умяшаўся ў вострую размову з некаторымі з фанатаў:

– Звяртаюся да заўзятараў: файна помнікі ствараць і руйнаваць таксама. І мы робім усё, каб найлепш сябе запрэзентаваць. Шмат залежыць таксама і ад заўзятараў. У Беластоку ўсе чакаюць перамогаў, але трэба памятаць, што з камандай трэба быць разам і ў цяжкую хвіліну. І я з гэтым звяртаюся да заўзятараў. І прашу прабачэння за свае паводзіны.

„Ягелонія” пасля 29-га тура чэмпіянату Польшчы знаходзіцца на 11 месцы і мае 35 ачкоў. Чарговы матч футбалісты „Ягі” правядуць у Глівіцах з віцэ-лідарам – „Пястам” Глівіцэ.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя