Hrodna.life запрашае ўсіх жадаючых на турнір па кікеры



Гарадзенскае незалежнае выданне Hrodna.life запрашае ўсіх жадаючых прыняць удзел у турніры па настольным футболе.

Пра будучае мерапрыемства распавядае адзін з арганізатараў, рэдактар Hrodna.life Аляксей Шота.

– Для нас на Hrodna.life вельмі важна рабіць як мага больш падзеяў нейкіх оф-лайнавых, у рэальным жыцці, не толькі ў інтэрнэце існаваць. Гэта будзе невялікі турнір па настольным футболе, па кікеры, у піцэрыі. Гэта наша партнёрская піцэрыя, з якой мы ўжо працавалі раней, там ёсць такі стол. Мы зробім аматарскі чэмпіянат, там будуць простыя правілы, асноўныя, без усялякіх падрабязнасцяў, каб кожны мог удзельнічаць.

Фактычна ў горадзе такіх сталоў больш і няма. Гэта адзінае месца. Яно зручнае, у цэнтры, побач з нашай рэдакцыяй. Можна будзе выйграць піцу, фірмовыя кубкі нашай рэдакцыі ды іншыя нашы рэчы. Добра бавіць час за такой, скажам, не самай папулярнай, не самай тыповай для беларусаў гульнёй як настольны футбол, кікер.

Спаборніцтвы адбудуцца 8 жніўня а 18-й гадзіне ў Гародні па адрасе: К.Маркса, 10

Беларускае Радыё Рацыя