Ігар Бокій заваяваў залаты медаль на Паралімпіядзе ў Токіо
Плывец Ігар Бокій заваяваў залаты медаль на XVI летніх Паралімпійскіх гульнях у Токіо. Гэта першая ўзнагарода каманды Беларусі ў японскай сталіцы. Беларус з вынікам 53,80 сек. заняў першае месца ў фінальным заплыве на дыстанцыі 100 м батэрфляем (клас S-13).
Гэта новы рэкорд Паралімпіяд у дадзеным відзе праграмы. Яшчэ адзін беларус Дзмітрый Салей заняў 6-е месца. У мінулыя гады Ігар Бокій заваяваў 11 залатых медалёў на Паралімпіядах у Лондане-2012 (5) і Рыа-дэ-Жанейра-2016 (6).
Ілля Івашка выйшаў у 1/8 фіналу турніру ў Уінстан-Салеме
Беларус Ілля Івашка (63 АТП) выйшаў у трэці круг турніру ў Уінстан-Салем ЗША. У другім раўндзе ён у трох сэтах перамог 36-ю ракетку свету Марына Чыліча з Харватыі – 4:6, 7:5, 6:4. У 1/8 фіналу Івашка сустрэнецца з немцам Янам-Ленардам Штруфам (52 АТП).
Беларуская тэнісістка Аляксандра Сасновіч (99-ы нумар сусветнага рэйтынгу) прабілася ў чвэрцьфінал турніру ў амерыканскім Кліўлендзе. У трохсэтавым матчы 1/8 фіналу беларуска абыграла прадстаўніцу Аргенціны Надзю Падарошку (37) – 6:7 (7:9), 6:4, 6:4. У паядынку за выхад у паўфінал яна сустрэнецца з румынкай Ірынай Бегу (74).
Клубы АПЛ не адпусцяць гульцоў на міжнародныя гульні ў краіны „чырвонага спісу”
Клубы англійскай прэм’ер-лігі „неахвотна, але аднагалосна” вырашылі не выпускаць гульцоў на матчы ў краінах, занесеных у „чырвоны” (каронавірусны) спіс, падчас вераснёўскага перапынку на зборныя, паведамілі на афіцыйным сайце АПЛ. Згодна з дзеючымі правіламі ўрада Вялікабрытаніі, гульцы будуць вымушаныя прапусціць некалькі гульняў з-за 10-дзённага перыяду ізаляцыі, неабходнага па вяртанні ў Вялікабрытанію. У прэс-службе АПЛ дадалі, што кіраўніцтва лігі „рашуча падтрымала” гэтае рашэнне, якое „закране амаль 60 гульцоў з 19 клубаў”.
„Рэал” афіцыйна прапанаваў 160 млн еўра за Кіліана Мбапэ
Мадрыдскі „Рэал” зрабіў французскаму „ПСЖ” афіцыйную прапанову аб пераходзе нападніка Кіліана Мбапэ за 160 мільёнаў еўра. Па інфармацыі „Sky Sports”, адзін з найбуйнейшых агентаў у сусветным футболе спрабуе арганізаваць пераходы Мбапэ ў „Рэал” і Крышціяну Раналду ў „ПСЖ”. Кантракт Мбапэ мінае наступным летам, а сам футбаліст мае намер ўвасобіць сваю мару і пагуляць у форме мадрыдскага клуба.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: sportpanorama.by
