Ігар Стасевіч другі раз прызнаны лепшым футбалістам Беларусі
Паўабаронца нацыянальнай зборнай Беларусі і барысаўскага БАТЭ Ігар Стасевіч прызнаны лепшым футбалістам Беларусі 2018 года. Такі вынік традыцыйнага падагульняючага апытання, у якім прынялі ўдзел беларускія спартыўныя журналісты і футбольныя спецыялісты. Сваю заслужаную ўзнагароду лаўрэат атрымаў 4 снежня на цырымоніі падвядзення вынікаў футбольнага сезона „Зорны мяч – 2018” у Менску.
Ігар Стасевіч, якому ў кастрычніку споўнілася 33 гады, другі раз стаў лепшым футбалістам Беларусі – упершыню гэта адбылося ў 2015 годзе. Акрамя таго, капітан БАТЭ трэці сезон запар прызнаны лепшым гульцом нацыянальнага чэмпіянату і чацвёрты – лепшым паўабаронцам краіны. Акрамя таго, Ігар Стасевіч стаў самым карысным гульцом 28-га чэмпіянату Беларусі, набраўшы 23 балы па сістэме „гол+пас” (8+15).
У астатніх індывідуальных намінацыях лепшымі прызнаны:
варатар – Андрэй Гарбуноў („Дынама”, Менск);
абаронца – Павел Рыбак („Шахцёр”, Салігорск);
нападнік – Павел Савіцкі („Дынама”, Берасце). Ён жа стаў лепшым бамбардзірам чэмпіянату, забіўшы 15 мячоў у 29 праведзеных матчах.
Былі вызначаны дзве сімвалічныя зборныя чэмпіянату Беларусі:
А: Андрэй Гарбуноў; Ніно Галовіч, Сейду Яхая (усе – „Дынама”, Менск), Павел Рыбак, Дзяніс Лапцеў (абодва – „Шахцёр”), Ігар Стасевіч, Максім Валадзько, Станіслаў Драгун, Мірка Іваніч (усе – БАТЭ), Мікіта Навумаў („Віцебск”), Павел Савіцкі („Дынама”, Берасце).
Б: Дзяніс Шчарбіцкі (БАТЭ); Ігар Шытаў („Дынама”, Менск), Сяргей Мацвейчык, Юліус Сзоке, Юрый Кавалёў (усе – „Шахцёр”), Арцём Скітаў, Міхаіл Казлоў, Антон Мацвеенка, Кірыл Вяргейчык (усе – „Віцебск”), Аляксандр Паўлавец („Тарпеда-БелАЗ”), Яўген Шыкаўка („Слуцк”).
Лепшая судзейская брыгада чэмпіянату Беларусі выглядае так: Аляксей Кульбакоў (Гомель), Дзмітрый Жук (Менск), Юрый Хомчанка (Віцебск).
Што датычыцца камандных узнагарод, то прызы „За волю да перамогі” і „Справядлівай гульні” атрымала БАТЭ, „Двума складамі” – менскае „Дынама”, прыз „Глядацкіх сімпатый” у берасцейскага „Дынама”.
Экс-настаўнік БАТЭ Віктар Ганчарэнка, які цяпер узначальвае маскоўскі ЦСКА, стаў лепшым сярод беларускіх трэнераў. Для яго гэта ўжо восьмы такі поспех.
Сярод жанчын прыза лепшай футбалісткі Беларусі 2018 года ўдастоена Паліна Шаціленя (ЖФК „Мінск”). У міні-футболе не было роўных Уладзіміру Жыгалка, у пляжным футболе – Ігару Брышталю.
Прыз „За асаблівы ўклад у развіццё масавага футбола” атрымаў дзіцячы трэнер Уладзімір Ганчар з Дзятлава.
Добрыя словы ад прэм’ер-міністра, старшыні асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” Сяргея Румаса пачулі ў свой адрас праслаўленыя ветэраны беларускага футбола, партнёры і спонсары АБФФ, якія таксама былі адзначаны памятнымі падарункамі.
