Ігар Трухаў стаў галоўным трэнерам „Смаргоні”
У трэнерскім штабе „Смаргоні” адбыліся змены: галоўную каманду цяпер трэніруе Ігар Трухаў. Дапамагаць яму будуць Уладзімір Кухлей і Леанід Ковель.
Гэта ўжо трэцяя змена галоўнага трэнера ў „Смаргоні”. Каманда пасля 24 тураў вышэйшай лігі ідзе перадапошняй, ніжэй толькі „Спадарожнік” з Рэчыцы, які зняўся з чэмпіянату.
Лапко і Марозава саступілі ў чвэрцьфінале турніру ў Нур-Султане
Беларуская пара Вера Лапко / Лідзія Марозава саступіла расейскаму дуэту Віталія Дзячэнка / Яна Сізікава ў матчы 1/4 фіналу турніру ў Нур-Султане – 7:5, 4:6, 7:10.
Ілля Івашка (45 АТП) зняўся з турніру АТП-250 у Сафіі. У матчы стартавага раўнда беларус абыграў іспанца Пабла Андухара (6:4, 6:3). Наступным супернікам Івашкі павінен быў стаць француз Гаэль Манфіс (20 АТП).
Вікторыя Азаранка выйшла ў другі раўнд турніру ў амерыканскім Чыкага. Беларуска, якая займае цяпер 34-е месца ў рэйтынгу WTA, сустракалася з амерыканкай Хэйлі Баптыст (174-ы нумар сусветнага рэйтынгу) і выйграла – 6:2, 4:6, 6:3.
Аргенціна стала першым фіналістам чэмпіянату свету па міні-футболе
Зборная Аргенціны стала першым фіналістам чэмпіянату свету па міні-футболе, які праходзіць у Літве. У першым паўфінале ў Коўне аргенцінцы адолелі прынцыповых супернікаў бразільцаў з лікам 2:1. Супернік зборнай Аргенціны вызначыцца сёння вечарам пасля другога паўфінальнага матчу, у якім каманда Партугаліі сустрэнецца з казахстанцамі. Фінал і сустрэча за бронзавыя ўзнагароды адбудуцца 3 кастрычніка ў Коўне.
Судзейства баксёрскіх паядынкаў на Алімпіядзе 2016 году выклікала падазрэнні
Рабочая група Рычарда Макларэна пры пераправерцы паядынкаў баксёрскага турніру на Алімпійскіх гульнях у Рыа-дэ-Жанейра выявіла прыкметы несумленнага судзейства, паведамляе газета The Guardian. Пад падазрэнне трапілі ад сямі да дзесяці баёў. Чакаецца, што 30 верасня Макларэн выступіць на прэс-канферэнцыі па выніках першай часткі расследавання карупцыі і несумленнага судзейства на Алімпійскіх гульнях 2016 года.
Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя
Фота: gs.by
