Ілля Івашка сустрэўся з Роджэрам Федэрарам



У нямецкім Гале стартаваў турнір АТП з прызавым фондам 1 455 925 еўра, дзе з беларусаў узяў ўдзел Ілля Івашка (N90).

У адпаведнасці з лёсаваннем у першым раўндзе спаборніцтваў наш тэнісіст сустрэўя з экс-лідарам сусветнага рэйтынгу – швейцарцам Роджэрам Федэрарам (8). Беларус навязаў годнае змаганне асу, але ўсё ж саступіў ў двух сетах – 6:7 (4:7), 5:7.

Сабаленка і Азаранка захавалі пазіцыі, Сасновіч паднялася на два радкі ў рэйтынгу WTA

Беларуска Арына Сабаленка засталася на чацвёртай пазіцыі ў рэйтынгу Жаночай тэніснай асацыяцыі (WTA) пасля фінішу адкрытага чэмпіянату Францыі. Вікторыя Азаранка захавала за сабой 16-е месца. Аляксандра Сасновіч перамясцілася з 103-й пазіцыі на 101-ю, у Вольгі Гаварцовай 133-е месца. У рэйтынгу Асацыяцыі тэнісістаў-прафесіяналаў (АТР) беларус Ягор Герасімаў знаходзіцца на 76-м радку, Ілля Івашка займае 90-е месца, ва Уладзіміра Ігнаціка 356-я пазіцыя. Лідыруе серб Новак Джокавіч.

Дар’я Кулагіна і Васіліна Хандошка заваявалі ліцэнзію ў алімпійскі Токіа

У іспанскай Барселоне завяршыўся алімпійскі кваліфікацыйны турнір у сінхронным плаванні, па выніках якога зборная Беларусі абзавялася адной ліцэнзіяй на Гульні ў Токіа. Яе ўладальніцай стаў дуэт Дар’і Кулагінай і Васіліны Хандошка. Дзяўчыны заваявалі на этапе Сусветнай серыі сярэбраныя медалі, што і дазволіла ім гарантаваць сабе ўдзел у Алімпійскіх гульнях.

Дэмба Дарбо другі раз прызнаны найлепшым гульцом месяца чэмпіянату Беларусі

Дэмба Дарбо прызнаны найлепшым гульцом футбольнага чэмпіянату Беларусі ў траўні. Гамбійскі форвард салігорскага „Шахцёра” ў красавіку таксама быў названы найлепшым. У траўні Дарбо працягнуў папаўняць бамбардзірскі баланс, забіўшы ў пяці паядынках тры галы: у вароты барысаўскага БАТЭ, менскага „Дынама” і жодзінскага „Тарпеда-БелАЗа”. Зараз на яго рахунку 11 мячоў, і ён узначальвае спіс лепшых снайпераў чэмпіянату. Найлепшым трэнерам траўня, таксама як і ў красавіку, стаў украінскі настаўнік „Шахцёра” Раман Грыгарчук.

Беларускае Радыё Рацыя