Ілля Івашка выйграў першы матч на турніры ў Санкт-Пецярбургу



У стартавым паядынку на турніры АТП у Санкт-Пецярбургу беларускі тэнісіст Ілья Івашка (N 46 АТП) у двух сэтах перайграў серба Ласла Джэрэ (52) — 6:3, 6:2. На стадыі 1/8 фіналу беларус сустрэнецца з першым сеяным Андрэем Рублёвым (6) з Расеі.

З беларускай заяўкі на фінал Fed Cup зніклі Вікторыя Азаранка і Вольга Гаварцова

1 лістапада ў Празе пачнецца фінальны турнір „Кубка Білі Джын Кінг” (раней Кубак федэрацыі). У першы дзень Беларускі, якія выступаюць у групе „B”, згуляюць з бельгійкамі, а 4-га лістапада – з аўстралійкамі. У паўфінал выходзіць толькі пераможца. Аб няўдзеле ў турніры Арыны Сабаленкі (N 2 ВТА), якая перанесла каронавірус, было вядома даўно. А днямі з беларускай заяўкі на афіцыйным сайце спаборніцтваў зніклі Вікторыя Азаранка (27) і Вольга Гаварцова (134). У ростар нацыянальнай каманды да Аляксандры Сасновіч (86), Юліі Гатоўкі (228) і Лідзіі Марозавай (87 у пары) дадалася Ірына Шымановіч (267).

Беларускія футбалісткі выйшлі ў лігу А юніёрскага чэмпіянату Еўропы

Футбалісткі юніёрскай зборнай Беларусі (U-19) заваявалі пуцёўку ў лігу А першынства Еўропы. У Магілёве ў заключным паядынку 1-й групы лігі У беларускі ўпэўнена абгулялі каманду Фарэрскіх астравоў – 5:0. У першым туры падапечныя Уладзіміра Шындзікава разграмілі зборную Кіпра – 6:0, а потым перайгралі аднагодак з Паўночнай Македоніі з лікам 3:1.

У другой лізе чэмпіянату Беларусі вызначыліся паўфінальныя пары

У Доме футбола адбылося лёсаванне паўфіналаў чэмпіянату Беларусі сярод каманд другой лігі. БК Макслайн (Рагачоў) згуляе з Асіповічамі, а Партызан з Салігорска пазмагаецца з Астраўцом. На стадыі 1/2 фіналу каманды правядуць па два матчы (дома і на выездзе). Першыя паядынкі адбудуцца 30 і 31 кастрычніка, а матчы ў адказ пройдуць 6 і 7 лістапада. Пераможцы пар згуляюць у фінале, які пройдзе 14 лістапада на стадыёне „Дынама-Юні” ў Менску.

„Вітэн” згуляе з „Барселонай” у кваліфікацыі ЛЧ па міні-футболе

Аршанскі „Вітэн” 26 кастрычніка пачне выступленне ў асноўным раундзе кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў па міні-футболе. У літоўскім Коўна ў стартавым паядынку 3-й групы чэмпіёны Беларусі сустрэнуцца з адной з наймацнейшых каманд свету іспанскай „Барселонай”. Заўтра ў другім туры падапечныя Аляксея Папова згуляюць з каўнаскім „Жальгірысам”, а 29 кастрычніка завершаць турнір матчам з яшчэ адным іспанскім клубам „Левантэ”.

Беларускае Радыё Рацыя