Стартаваў біятлонны Кубак свету



Дынара Алімбекава заняла 4-е месца на этапе КС па біятлоне ў Швецыі

Беларуская біятланістка Дынара Алімбекава заняла чацвёртае месца па выніках індывідуальнай гонкі на першым этапе Кубка свету, які стартаваў у Эстэрсундзе (Швецыя). Беларуска пераадолела дыстанцыю 15 км з двума промахамі. Перамагла чэшка Маркета Давідава. Другі вынік паказала аўстрыйка Ліза Тэрэза Хаўзэр. Трэцяй стала нямецкая біятланістка Дэніз Херман.

„Вітэн” выйшаў на першае месца ў чэмпіянаце Беларусі па міні-футболе

Спартоўцы аршанскага „Вітэна” выйшлі на першае месца ў табліцы 33-га чэмпіянату Беларусі па міні-футболе. У паядынку 10-га тура дзейныя чэмпіёны перайгралі сталічны „Дарожнік” з лікам 7:3. Пазней менскі клуб „Дынама-БНТУ” згуляе са „Сталіцай”. У актыве „Вітэна” зараз 22 ачкі, на адзін бал менш маюць „Сталіца” і БЧ, у ВРЗ 20 ачкоў. Спіс лепшых бамбардзіраў узначальвае Яўген Клачко з ВРЗ, які забіў 11 мячоў.

„Крумкачы” згуляюць у стыкавых матчах за пуцёўку ў вышэйшую лігу-2022

„Крумкачы” згуляюць у стыкавых матчах за права выступіць у вышэйшай лізе-2022. У заключным туры першай лігі яны перамаглі петрыкаўскі „Шахцёр” — 3:2. „Крумкачы” фінішавалі трэцімі. У стыкавых матчах яны згуляюць з 14-й камандай вышэйшай лігі: „Энергетыкам”-БДУ, „Славіяй” або „Нёманам”.

Аляксандр Макрыцкі ўзначаліў казахстанскую „Сарыарку”

Беларускі хакейны спецыяліст Аляксандр Макрыцкі ўзначаліў казахстанскую „Сарыарку”. Кантракт з Макрыцкім падпісаны да канца бягучага сезона, паведамляе прэс-служба клуба. Апошнім месцам працы спецыяліста было „Юнацтва” з чэмпіянату Беларусі. Макрыцкі пайшоў з клуба ў студзені, тады менчукі лідыравалі ў экстралізе „А”. „Сарыарка” зараз займае чацвёртае месца ў чэмпіянаце Казахстана па хакеі.