Ілля Шымановіч заняў 4-е месца на Чэмпіянаце свету па плаванні на кароткай вадзе



Беларускі плывец Ілья Шымановіч заняў чацвёртае месца на чэмпіянаце свету па плаванні на кароткай вадзе ў Абу-Дабі. У вырашальным заплыве на 50 метраў батэрфляем мінчанін, які выйшаў у вырашальную стадыю спаборніцтваў з лепшым прамежкавым вынікам, паказаў чацвёрты час – 25,84 секунды. Чэмпіёнам свету стаў амерыканец Нік Фінк з кантынентальным рэкордам 25,53 секунды. Раней Ілля Шымановіч на гэтых спаборніцтвах выйграў званне чэмпіёна свету на дыстанцыі 100 м брасам, паўтарыўшы пры гэтым сусветны рэкорд.
Берасцейка Анастасія Шкурдай з вынікам 56,37 заняла шостае месца на дыстанцыі 100 метраў батэрфляем. Роўных жа не было канадцы Маргарэт Макніл – 55,04 секунды.

„Нёман” „усухую” перамог „Металург”


У беларускай хакейнай экстралізе прайшлі тры матчы: „Брэст” на хатнім лёдзе ўпершыню за 8 гадоў абыграў „Гомель” 5:4, „Ліда” па булітах прайграла „Магілёву” 1:2, а гарадзенски „Нёман” у родных сценах не адчуў праблем з „Металургам” 3:0.

Мінскае „Дынама” адправіла Віталя Пінчука ў „Дынама-Маладзечна”

Форвард мінскага „Дынама” Віталь Пінчук адпраўлены ў фарм-клуб.
Нападнік адправіўся ў „Дынама-Маладзечна” і ўжо сёння зможа згуляць у матчы экстралігі супраць „Хіміка”, паведамляе прэс-служба „Дынама”.
У бягучым сезоне чэмпіянату Беларусі Пінчук за каманду з Маладзечна правёў 8 матчаў, у якіх набраў 11 ачкоў. У КХЛ згуляў у 12 сустрэчах. На маладзёжным чэмпіянаце свету ў першым дывізіёне Віталь набраў 9 (2+7) ачкоў у пяці сустрэчах і стаў трэцім бамбардзірам турніру.
Таксама ў складзе „Дынама-Маладзечна” можа згуляць яшчэ адзін форвард маладзёжнай зборнай Сяргей Кузняцоў.

Анцілеўскі развітаўся з „Тарпеда”-БелАЗам

Форвард зборнай Беларусі Дзмітрый Анцілеўскі развітаўся з „Тарпеда”-БелАЗ. У рамках мінулага чэмпіянату Беларусі нападнік правёў 24 матчы, у якіх забіў шэсць галоў і аддаў чатыры выніковыя перадачы.

Таксама „у сувязі са сканчэннем тэрміну дзеяння кантрактаў футбольны клуб „Тарпеда”-БелАЗ пакінулі трэнеры Сяргей Зяневіч, Аляксей Панкавец і Уладзімір Ржэўскі. Новым галоўным трэнерам жодзінскага „Тарпеда”-БелАЗ стаў Дзмітрый Молаш.

„Севілья” адабрала ачкі ў „Барселоны”

У адкладзеным матчы чацвёртага тура чэмпіянату Іспаніі „Севілья” адабрала ачкі ў „Барселоны”1:1. На гол Алехандра Гомеса яшчэ ў першым тайме адказаў абаронца каталонцаў Рональд Арауха. Пры гэтым большую частку другога тайма «Севілья» гуляла ў меньшасці пасля выдалення Кундэ. „Ювентус” у матчы 19-га тура чэмпіянату Італіі на хатняй арэне ўпэўнена перамог „Кальяры” — 2:0.
Галы забівалі Мойзэ Кін і Федэрыка Бернардэскі. „Юве” набраў 34 ачкі. Каманда на дадзены момант займае пятае месца ў турнірнай табліцы.

НБА не плануе прыпыняць сезон з-за каранавіруса

Камісіянер НБА Адам Сільвер заявіў, што асацыяцыя не плануе прыпыняць сезон, нягледзячы на новую хвалю заражэнняў каранавірусам сярод каманд. „НБА не плануе прыпыняць сезон, — прыводзіць словы Сільвера журналіст Роб Лопес у Twitter. Раней НБА і прафсаюз гульцоў лігі дамовіліся аб увядзенні правіла, якое дазваляе клубам падпісваць гульцоў на замену тым, што заразіліся каранавірусам.