Ілля Шымановіч заваяваў золата на чэмпіянаце свету па плаванні



Ілля Шымановіч заваяваў золата на чэмпіянаце свету па плаванні на „кароткай вадзе” у Абу-Дабі. На дыстанцыі 100 метраў брасам ён усталяваў новы рэкорд — 55,7 секунды. Другім на фінішы быў Нікола Марціненгі з Італіі — 55,80, трэцім — амерыканец Нік Фінк — 55,87 секунды. Шымановічу 27 гадоў. Дагэтуль на чэмпіянатах свету на „кароткай вадзе” ў яго былі толькі другія і трэцяе месцы. Таксама беларускі занялі восьмае месца ў камбінаванай эстафеце 4х50 метраў.
Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко, Анастасія Куляшова і Анастасія Каракоўская паказалі час 1 хвіліна 46,39 секунды.

Юніёрская зборная Беларусі выйграла срэбра хакейнага турніру ў Фінляндыі

Юніёрская зборная Беларусі выйграла срэбра хакейнага турніру зімовага Еўрапейскага юнацкага алімпійскага фестывалю (ЕЮАФ) у фінскім Вуакаці. Канчатковая расстаноўка каманд стала вядома пасля таго, як фіны абыгралі зборную Расіі з лікам 4:3. Паўночнікі ў выніку сталі пераможцамі, а ўсходнія суседзі бронзавымі медалістамі. Каманда Беларусі ў сваім заключным матчы на гэтым турніры перамагла чэхаў – 3:2. Каманды дэманстравалі роўную гульню, аднак першымі вызначыліся чэхі. Беларусы, зрэшты, не сталі цягнуць час і дастаткова аператыўна зраўнялі лік. Узяцце брамкі на свой рахунак запісаў Сямён Маршчанок.
У другой трэці паядынку беларусы выйшлі наперад на 29-й хвіліне. Старанні партнёраў па камандзе завяршыў дакладным кідком Мікалай Цішкевіч. Але чэхі зноў змаглі адыграцца. У заключным перыядзе на 51-й хвіліне кропку ў матчы паставіў Мікола Цішкевіч.

Аляксей Протас дапамог „Вашынгтону” абыграць у гасцях „Вініпег”

У чарговым матчы рэгулярнага чэмпіянату НХЛ „Вашынгтон” на выездзе абыграў „Вініпег” з лікам 5:2. Беларускі форвард гасцей Аляксей Протас аддаў галявы пас. Увогуле наш суайчыннік правёў на лёдзе 14 хвілін 17 секунд нанёс тры кідкі (адзін з іх міма), заблакаваў тры пагрозы, ужыў адзін сілавы прыём, выйграў 5 укідванняў з 15 і зарабіў „+1”.

Антон Смольскі заняў шостае месца на этапе Кубка свету ў Францыі

Беларускі біятланіст Антон Смольскі заняў шостае месца ў спрынце на чацвёртым этапе Кубка свету ў французскім Ансі. Атлет, якому напярэдадні споўнілася 25 гадоў, саступіў пераможцу гонкі на фінішы 26,5 секунды, не дапусціўшы промахаў пры стральбе. Золата на дыстанцыі 10 км з двума агнявымі рубяжамі выйграў нарвежскі спартовец Ёханэс Бё. Другая пазіцыя ў расіяніна Эдуарда Латыпава. Бронза ў яшчэ аднаго прадстаўніка Нарвегіі Філіпа Ф’ельда Андэрсана.

Беларускія штангісты ўпершыню за апошнія 16 гадоў не заваявалі медалі Чэмпіяната свету

Беларускія штангісты ўпершыню за апошнія 16 гадоў не заваявалі медалі чэмпіянату свету ў двухбор’і (менавіта яно прадугледжана алімпійскай праграмай), піша „Прессбол”. Чэмпіянат свету прайшоў у Ташкенце. Беларусь была прадстаўлена толькі мужчынскай камандай. Эдуард Зязюлін заняў чацвёртае месца, Аляксандр Венскель — сёмае, Пётр Асаёнак — 13-е, а ў Паўла Хадасевіча нулявая адзнака (з-за траўмы ён не выйшаў на другі рух). Праўда, днямі было кур’ёзнае здарэнне, калі дзяржаўныя беларускія СМІ змясцілі памылковую навіну пра золата Венскеля, а пасля яе выдалялі — радасць была кароткай. Папярэдні раз беларуская зборная засталася без медалёў на чэмпіянаце свету 2005 года ў Катары.

„Баварыя” разграміла „Вольфсбург”

„Баварыя” ў 17-м туры чэмпіянату Германіі на хатняй арэне з буйным лікам перамагла „Вольфсбург” — 4:0. Галамі адзначыліся паўабаронцы Томас Мюлер, Лерой Санэ, абаронца Даё Упамекана і нападнік Роберт Левандоўскі. „Баварыя” набрала 43 ачкі і працягвае лідыраваць у турнірнай табліцы бундэслігі.
„Інтэр” у матчы 18-га тура чэмпіянату Італіі ў гасцях разграміў „Салернітану” — 5:0. Галы забівалі Іван Перышыч, Дэнзел Дзюмфрыс, Алексіс Санчэс, Лаутара Марцінэс і Раберта Гальярдзіні. „Інтэр” набраў 43 ачкі і займае першае месца ў турнірнай табліцы. „Сельта” ў матчы 18-га тура чэмпіянату Іспаніі перамагла „Эспаньёл” — 3:1, набрала 20 ачкоў і займае 12-е месца ў турнірнай табліцы. У „Эспаньела” 23 ачкі і дзевятая пазіцыя.

Гандбалісткі Францыі першымі выйшлі ў фінал жаночага чэмпіянату свету

Гандбалісткі зборнай Францыі першымі прабіліся ў фінал жаночага чэмпіянату свету, які праходзіць у Іспаніі. У першым паўфінальным паядынку французскія спартоўкі адолелі суперніц з Даніі 23:22. У другім паўфінале гаспадыні сусветнага першынства гандбалісткі зборнай Іспаніі прайгралі зборнай Нарвегіі 21:27. Фінальны паядынак і матч за бронзавыя ўзнагароды 25-га жаночага планетарнага форуму пройдуць 19 снежня.