Ірляндскае шчасце і развітанне з Ібрагімавічам
У сераду на еўрачэмпіянаце скончыўся групавы турнір і вызначыліся ўсе 16 удзельнікаў стадыі плэй-оф.
Развязка змагання ў групе “F” пераўтварылася ў захапляльны спектакль з непрадказальнай канцоўкай. У Ліёне Венгрыя з Партугаліяй, бадай сама адкрытыя дружыны чэмпіянату, фестывалілі па поўнай праграме, а іх заўзятары перажылі незабыўныя эмоцыі. Мадзьяры тройчы выходзілі наперад, а пірэнейцы цэлы час даганялі. Па-сапраўднаму бліснулі два капітаны – Крышціяну Раналду і Балаж Джуджак, якія аформілі па дублю. Партугалец прадэманстраваў сваю віртуёзную тэхніку, мадзьяр штурмаваў браму са штрафных.
Крышціяну Раналду працягвае перапісваць новыя кантынентальныя рэкорды, Па-першае, ён стаў першым футбалістам, якому ўдалося забіваць ажно на чатырох Еўра. Да рэкардсмена па галах у фінальных стадыях Мішэля Плаціні, у якога 9 галоў, яму застаўся толькі адзін мяч. Па-другое, у яго ўжо 17 праведзеных матчаў на вышэйшых форумах Еўропы.
Венгрыя-Партугалія-3:3 (Золтан Гера, 19, Балаж Джуджак, 47, 55; Нані, 42, Крышціяну Раналду, 50, 62).
Ісляндцы самы праторылі свой шлях у плэй-оф, пакінуўшы за бортам дружыну Аўстрыі, якая нічым на турніры не пацвердзіла свае высокія стаўкі. Да апошніх секунд вікінгі выходзілі з трэцяга месца, але заключным голавым акордам перакрэслілі далейшую расстаноўку. Адзначым першую, а значыць гістарычную вікторыю Ісляндыі на Еўра.
Ісляндыя-Аўстрыя-2:1 (Ён Бёдварсан, 18, Арнар-Інгві Траўстасан, 94; Алесандра Шопф, 60)
Выніковае становішча ў квартэце “F”: 1. Венгрыя – 5 ачкоў (розніца мячоў 6-4), 2. Ісляндыя – 5 (4-3), 3. Партугалія – 3, 4. Аўстрыя – 1.
Дыспазіцыя у групе “Е”, якая завяршала групавы раўнд была куды прасцей. Шведы і ірляндцы для выхаду наверх абавязаны былі толькі перамагаць. З заміраннем сэрца сачылі за паядынкамі і заўзятары зборнай Турцыі, лёс якой наўпрост залежаў ад апошніх зыходаў. Італія ў сустрэчы з ірляндцамі магла эксперыментаваць да бясконцасці. Яе становішча не магло памяняць нішто. Таму аленаторэ Антоніё Контэ рэзонна пастанавіў паберагчы галоўныя скрыпкі ў сваім “аркестры” на чале з брамнікам Джанлуіджы Буфонам. “Скуадра адзурра” проста праводзіла рэпетыцыю абарончай мадэлі перад будучай сустрэчай з дзейснымі чэмпіёнамі Еўропы. Брытанцы паслядоўна насядалі на браму суперніка, прымушаючы галкіпера Сальваторэ Сірыгу працаваць у поце твару. Ірляндскае шчасце драмала да апошняй дзесяціхвілінкі, але ўрэшце прачнулася. Каштоўнейшы гол для кельтаў запісаў на свой рахунак Робі Брэйдзі.
Італія-Ірляндыя-0:1 (Робі Брэйдзі, 86).
Шведы ў паядынку з Бельгіяй не фарсіравалі падзеі. У першым тайме дамінавала якраз інтэрнацыянальная дружына Марка Вільматса, у шэрагах якой звыкла найбольш крэатыўным быў Кевін дэ Брэйне. У другой палове скандынавы пайшлі ва-банк і на 84-й хвіліне не паспелі належна ў абарону, а згубны для шведаў удар здзейсніў экзатычны Раджа Найнголан. Гэта быў апошні матч у шэрагах Швецыі Златана Ібрагімавіча, які пакінуў поле з паніклай галавой, не забіўшы на гэтым Еўра нічога.
Швецыя-Бельгія-0:1 (Раджа Найнголан, 84).
Выніковае становішча ў квартэце “Е”: 1. Італія – 6 ачкоў, 2. Бельгія – 6, 3. Ірляндыя – 4, 4. Швецыя – 1.
Такім чынам вызначыліся ўсе пары 1/8-й фіналу. З правага боку таблічнай сеткі склаліся такія дуэты: Германія – Славаччына, Італія – Іспанія, Францыя – Ірляндыя, Англія – Ісляндыя. Ім насустрач з іншага боку будуць ісці пераможцы наступных параў: Швайцарыя – Польшча, Харватыя – Партугалія, Уэльс – Паўночная Ірляндыя, Венгрыя – Бельгія.
Першыя тры матчы стадыі плэй-оф пройдуць у суботу 25 чэрвеня.
Уладзімір Хільмановіч, Беларускае Радыё Рацыя
