Іспанія і Швейцарыя выйшлі ў чвэрцьфінал чэмпіянату



Іспанскія футбалісты выйшлі ў чвэрцьфінал чэмпіянату Еўропы, святкаваўшы валявую перамогу над харватамі ў авертайме. На 20-й хвіліне сустрэчы іспанцы апынуліся ў ролі даганяючых – пасля паса паўабаронцы Педра мяч ад нагі галкіпера Унаі Сімона закаціўся ў іспанскую браму. Неўзабаве іспанцы зноў завалодалі ініцыятывай, і на 38-й хвіліне Пабла Сарабія зраўняў лік. Пасля перапынку падначаленыя Луіса Энрыке працягвалі дамінаваць, вынікам чаго сталі галы Сесара Аспілікуэты і Фернана Торэса. Харваты не здаліся, і на 85-й хвіліне Міслаў Оршыч скараціў разрыў да мінімуму, а ўжо ў кампенсаваны час Марыё Пашаліч зраўняў – 3:3. У дадатковы час гульня ішла на сустрэчных курсах, але галы забівалі толькі іспанскія футбалісты. На 100-й хвіліне сустрэчы гэта зрабіў Альвара Марата, а праз 3 хвіліны Мікель Оярсабаль паставіў апошнюю кропку – 5:3. Матч Іспаніі і Харватыі стаў другім па выніковасці ў гісторыі Еўра. Больш за восем галоў у матчы Еўра было забіта толькі на кантынентальным першынстве 1960 года ў матчы зборных Францыі і Югаславіі, які югаславы выйгралі 5:4. Супернік зборнай Іспаніі вызначыўся пасля  сустрэчы зборных Францыі і Швейцарыі ў Бухарэсце. Лік у матчы на ​​15-й хвіліне адкрылі швейцарцы. Аўтарам гола стаў Харыс Сеферавіч, які замкнуў падачу Стывена Цубера. У другім тайме чырвона-белыя атрымалі шанец падвоіць сваю перавагу, але Рыкарда Радрыгес не рэалізаваў пенальці. Далей спрацаваў самы папулярны футбольны закон: не забіваеш ты – забіваюць табе. Адразу пасля нерэалізаванага швейцарцамі пенальці Францыя зраўняла лік. На 57-й хвіліне гол забіў Карым Бензема. Праз яшчэ дзве хвіліны Бензема аформіў дубль. Трэці гол французаў шэдэўральным далёкім ударам забіў Поль Пагба. На 81-й хвіліне Швейцарыя здолела адыграць адзін мяч намаганнямі Харыса Сеферавіча. У адраджэнне інтрыгі верылася з цяжкасцю, але на 90-й хвіліне Швейцарыя аднавіла статус-кво дзякуючы голу Марыё Гавранавіча. Гульня перайшла ў дадатковы час. У экстра-таймах галоў забіта не было. Справа дайшла да серыі пасляматчавых пенальці. У бітве характараў, або, як яе яшчэ прынята называць, «латарэі», мацней і больш паспяховымі апынуліся швейцарцы. Вырашальны пенальці не забіў Кіліан Мбапэ.

Менскае „Дынама” перамагло „Нёман” у чэмпіянаце Беларусі па футболе

Футбалісты менскага „Дынама” абыгралі „Нёман” з лікам 2:1 у апошнім матчы 14-га тура чэмпіянату Беларусі. Сустрэча ў Гародні прайшла з перавагай мінчан. Ужо ў першыя 20 хвілін ветэран дынамаўскай дружыны Антон Пуціла двойчы засмуціў брамніка Сяргея Курганскага. У другой палове больш атакавалі гаспадары, і на 80-й хвіліне Раман Грыбоўскі адыграў адзін мяч. Таксама футбалісты „Віцебска” выйгравалі ў гасцях у рэчыцкага „Спадарожніка” з лікам 3:0, але не ўтрымалі перамогу, саступіўшы 3:4 – галявы дубль аформіў форвард „Спадарожніка” Яўген Козел, на 4-й кампенсаванай хвіліне другога тайма Даніла Вараб’ёў забіў пераможны гол.

Сымона Халеп не паедзе на Алімпійскія гульні ў Токіа

Румынская тэнісістка Сымона Халеп не згуляе на Алімпійскіх гульнях у Токіа. Прычынай стала траўма мышцы, якую Халеп атрымала на турніры ў Рыме. Пасля гэтага Сымона ўжо здымалася з «Ралан Гарос» і Уімблдона, на якім не змагла абараніць леташні тытул. Алімпійскі тэнісны турнір пройдзе з 24 ліпеня па 1 жніўня. Халеп, каб павялічыць свае шанцы на медалі, планавала выступіць ва ўсіх трох разрадах – адзіночным, парным і змяшаным.

Беларускае Радыё Рацыя