Італія і Уэльс выйшлі ў 1/8 фіналу, Турцыя пакідае Еўра



У суботу на еўрачэмпіянаце завяршыўся спабор у групе А. У паралельных матчах сустрэліся Італія – Уэльс і Швайцарыя – Турцыя.

„Скуадра адзурра”, якая датэрмінова выйшла ў плэй-оф, выставіла на поле рэзервовы склад, але не мела асаблівых праблемаў з валійцамі. У выніку перамога апенінцаў з сціплым лікам 1:0. Адзіны гол на рахунку Маттэа Песіны, ён здарыўся на 39-й хвіліне. Зборная Італіі не прапускае мячоў ужо 11 матчаў запар.

Швайцарыя сваім парадкам перамагла Турцыю – 3:1. Тут забітыя мячы былі вельмі эфектнымі. Дублем вызначыўся Джэрдан Шакіры. Але гельветам забракла аднаго голу, каб абысці Уэльс у змаганні за другое месца. Брытанцы стаяць вышэй Швайцарыі дзякуючы лепшай розніцы мячоў.

Выніковае становішча ў групе А: 1. Італія – 9 ачкоў, 2. Уэльс – 4, 3. Швайцарыя – 4, 4. Турцыя – 0.

Такім чынам Італія і Уэльс ужо ў 1/8-й фіналу, Швайцарыя з 4 пунктамі адной нагой таксама там, але ёй трэба пачакаць вынікі астатніх груп. Ну а Турцыя развітваецца з Еўра.

Беларускае Радыё Рацыя