Камандны чэмпіянат свету па спартовай хадзе перанесены з Менска



Міжнародная асацыяцыя лёгкаатлетычных федэрацый (World Athletics) перанесла камандны чэмпіянат свету па спартовай хадзе, які павінен быў прайсці ў 2022 годзе ў Менску. Турнір планаваўся 23-24 красавіка 2022 года. Прычынамі для такога рашэння сталі нявызначанасць у пытанні дыпламатычных адносін Беларусі і абмежаванні на міжнародныя паездкі, накладзеныя на краіну. Арганізатары плануюць паведаміць аб новым месцы для правядзення спаборніцтваў 28-29 ліпеня.

Ілля Шкурын можа працягнуць кар’еру ў Ізраілі

Беларускі нападнік ЦСКА Ілля Шкурын можа працягнуць кар’еру ў тэль-авіўскім „Хапаэлі”. Пра гэта паведамляе ізраільскае выданне One. Па дадзеных крыніцы, „Хапаэль” разглядае магчымасць выкупу 21-гадовага беларуса ў бягучае трансфернае акно. У мінулым сезоне РПЛ Шкурын правёў дзевяць матчаў і вызначыўся трыма галамі. Партал Transfermarkt ацэньвае кошт гульца ў мільён еўра.

„Мяшкоў Берасце” атрымаў Wild Card Лігі чэмпіёнаў

„Мяшкоў Берасце” атрымаў Wild Card на ўдзел у Лізе чэмпіёнаў-2021/22. Пра гэта паведамляе сайт клуба. Разам з беасцейскім клубам пуцёўку ў групавы этап атрымалі „Манпелье” (Францыя), „Веспрем” (Венгрыя), „Эльверум” (Нарвегія), „Дынама Бухарэст” (Румынія) і „Матор” (Украіна). Яны далучацца да 10 клюбаў з топ-9 краін рэйтынгу ЕГФ. Лёсаванне групавога этапу пройдзе 2 ліпеня ў Вене.

Аляксандр Андрыеўскі і „Юнацтва” не змаглі дамовіцца

Экс-трэнер „Сочы”, „Сібіры” і шэрагу іншых клубаў КХЛ Аляксандр Андрыеўскі не змог дамовіцца аб кантракце з менскім „Юнацтвам”, паведамляе „БХ”. У мінулым сезоне 52-гадовы спецыяліст узначальваў „Сочы”, аднак 13 кастрычніка 2020 года быў адпраўлены ў адстаўку. З тых часоў Андрыеўскі знаходзіцца без працы. Таксама Андрыеўскі працаваў у якасці асістэнта галоўнага трэнера зборнай Беларусі на чатырох чэмпіянатах свету.

Шасціразовы чэмпіён Беларусі Вячаслаў Лісічкін, замяшаны ў дамоўным матчы, завяршыў кар’еру

Шасціразовы чэмпіён Беларусі Вячаслаў Лісічкін завяршыў кар’еру гульца і зойме адну з адміністрацыйных пасадаў у трэнерскім штабе „Нёмана”, паведамляе „БХ”. Раней паведамлялася, што хакеіст падпіша праглядавы кантракт з „Нёманам”. Мінулы сезон 40-гадовы форвард прапускаў з-за дыскваліфікацыі. Ён быў замяшаны ў дамоўным матчы.

Беларускае Радыё Рацыя