Кандрацьеў назваў склад футбалістаў зборнай Беларусі на лістападаўскія гульні



Трэнерскі штаб футбольнай зборнай Беларусі вызначыўся са складам каманды на заключныя матчы сезона. Пад кіраўніцтвам галоўнага трэнера нацыянальнай дружыны Георгія Кандрацьева да дзвюх лістападаўскіх сустрэч будуць рыхтавацца 23 гульцы. З берасцейскага „Руху” выкліканы галкіпер Павел Паўлючэнка, абаронцы Раман Юзэпчук і Кірыл Пячэнін ды паўабаронца Арцём Канцавы. Зборная Беларусі збярэцца ў Мінску 7 лістапада і будзе трэніравацца на палях тэхнічнага цэнтра асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола” у Вяснянцы. Раніцай 12 лістапада беларусы адправяцца ў Кардыф, дзе 13 лістапада правядуць апошні матч адборачнага турніру чэмпіянату свету 2022 года супраць каманды Уэльса.

Трэнерскі штаб маладзёжнай зборнай Беларусі выклікаў на матчы з Грэцыяй і Ліхтэнштэйнам 25 футбалістаў

Трэнерскі штаб маладзёжнай зборнай Беларусі на чале з Сяргеем Ясінскім абвясціў спіс футбалістаў, якія выкліканы на выязныя матчы кваліфікацыі чэмпіянату супраць Грэцыі і Ліхтэнштэйна. Вучэбна-трэніровачны збор пройдзе з 8 па 18 лістапада. Першы матч супраць Грэцыі адбудзецца 12 лістапада ў Трыпалі. Затым наша каманда адправіцца ў Ліхтэнштэйн, дзе 16 лістапада згуляе з гаспадарамі на стадыёне „Спортпарк Эшэн-Маўрэн”. Галоўны трэнер уключыў у склад маладзёжнай каманды 25 футбалістаў. Са „Смаргоні” выкліканы брамніка Данііл Шапко, з гарадзенскага „Нёмана” –  абаронца Мікіта Халімончык, паўабаронца Яраслаў Арашкевіч выступае за „Дынама-Брэст”, а Алег Нікіфарэнка за берасцейскі „Рух”, таксама выкліканы ў моладзевую зборную Аляксандр Шасцюк з „Дынама-Брэст”. У канчатковы выязны склад маладзёжнай зборнай Беларусі ўвойдуць 23 футбалісты.

Антоніа Контэ будзе зарабляць у Тотэнхэме” 15 мільёнаў еўра за год

Новым галоўным трэнерам „Тотэнхэма” стане Антоніа Контэ, паведамляюць у Twitter італьянскія журналісты. Кантракт будзе разлічаны да 2023 года. Спецыяліст будзе зарабляць 15 мільёнаў еўра за год. „Тотэнхэм” прыняў умовы Антоніа Контэ па трансферах. Прэзідэнт клуба Даніэль Леві пагадзіўся вылучыць Контэ каля 100 мільёнаў еўра на трансферы ў студзені. 52-гадовы Антоніа Контэ чатыры разы выйграў чэмпіянат Італіі ў якасці трэнера, а таксама выйграў з „Чэлсі” чэмпіянат і Кубак Англіі. Раней з пасады галоўнага трэнера „Тотэнхэма” быў звольнены Нуну Эшпірыту Санту

„Нёман” адклікаў Мікіту Бастрыкіна з арэнды ў „Лідзе”

Гарадзенскі „Нёман” вырашыў датэрмінова скасаваць дамову аб супрацоўніцтве і адклікаў з арэнды ў „Лідзе” 21-гадовага форварда Мікіту Бастрыкіна. У складзе „рыцараў” ён правёў у цяперашнім чэмпіянаце краіны 23 матчы, дзе набраў 4 (2+2) ачкі, а таксама згуляў 4 паядынкі ў Кубку Салея, зарабіўшы 2 (1+1) балы. Усяго ў актыве ў нападніка 85 афіцыйных матчаў, у якіх ён вызначыўся 25 (9+16) ачкамі.

Дар’я Андрэева ​​заваявала срэбра на міжнародным турніры па фехтаванні ў Германіі

Беларуская шаблістка Дар’я Андрэева ​​выйграла срэбраны медаль на міжнародным турніры Kunzelsau Wurth Cup-2021, які праходзіў у Германіі. На шляху да другой ступені п’едэстала беларуска святкавала чатыры перамогі. У фінальным паядынку Юліка Функе змагла адпомсціць за суайчынніц, перамогшы спартоўку з Беларусі з лікам 15:11. Спаборніцтвы шаблістак у рамках міжнароднага турніру сабралі 30 спартовак з Аўстрыі, Беларусі, Бельгіі і Германіі.

Шасцёра беларусаў прымуць удзел у Чэмпіянаце Еўропы па плаванні на кароткай вадзе ў Казані

Шасцёра беларусаў прымуць удзел у чэмпіянаце Еўропы па плаванні на кароткай вадзе, які з  2 па 7 лістапада пройдзе ў Казані. Беларусь на спаборніцтвах у сталіцы Татарстана прадставяць Ілья Шымановіч, Анастасія Шкурдай, Аліна Змушко, Рыгор Пякарскі, Анастасія Каракоўская і Віктар Стасяловіч. Таксама беларускія спартоўцы выступяць у эстафеце 4х50 м комплексным плаваннем. Спаборніцтвы адбудуцца ў 20 дысцыплінах сярод мужчын і жанчын і ў дзвюх змяшаных дысцыплінах. У мэтах недапушчэння распаўсюду каронавіруснай інфекцыі чэмпіянат пройдзе без гледачоў.

Беларускае Радыё Рацыя