Канстанцін Кальцоў стаў галоўным трэнерам „Дынама-Маладзечна”



Беларускі спецыяліст Канстанцін Кальцоў узначаліў „Дынама-Маладзечна”. Пра гэта паведамляе афіцыйны сайт клуба.

Пасля завяршэння кар’еры гульца Кальцоў працаваў асістэнтам ў менскім „Дынама”, узначальваў „Брэст”. У мінулым сезоне галоўным трэнерам „Дынама-Маладзечна” быў Дзмітрый Краўчанка.

Каршакевіч – найлепшы гандбаліст Беларусі, на думку карыстальнікаў pressball

Аляксандр Каршакевіч быў названы карыстальнікамі pressball.by найлепшым гандбалістам ў гісторыі Беларусі. У фінальным галасаванні ён на некалькі адсоткаў абышоў Міхаіла Якімовіча. Прычым практычна ўвесь час абодва фіналісты ішлі ўпоравень. У барацьбе за трэцяе месца Сяргей Рутэнка ўпэўнена абышоў Аляксандра Тучкіна.

Беларускі форвард Кірыл Кірыленка растаўся з „Карпатамі”

Львоўскія „Карпаты” абвясцілі аб спыненні супрацоўніцтва з беларускім форвардам Кірылам Кірыленкам. Кантракт разарваны па ўзаемнай згодзе бакоў, паведамляе афіцыйны сайт клуба. Кірыленка выступаў за „Карпаты” з ліпеня 2019-га і ўсяго згуляў за львоўскі клуб 5 матчаў.

Футбалісткі „Нёмана” і „Дынама-БДУФК” ідуць без страт у жаночым чэмпіянаце Беларусі

Футбалісткі гарадзенскага „Нёмана” і менскага „Дынама-БДУФК” ідуць без страт пасля пяці тураў жаночага чэмпіянату Беларусі. Пятыя перамогі запар лідары першынства атрымалі на сваіх палях. Гарадзенкі разграмілі каманду Берасцейскага абласнога цэнтра алімпійскага рэзерву (БОЦОР) з лікам 8:0. Дынамаўская каманда ўпэўнена перайграла сталічную „Зорку-БДУ” – 3:0.

Аласан Плеа набраў 10+10 балаў у Бундэслізе

Форвард гладбахскай „Барусіі” Аласан Плеа адзначыўся двума галявымі перадачамі і голам у матчы 29-га тура чэмпіянату Германіі з „Уніёнам” (4:1). Дзякуючы гэтаму выніку ён дасягнуў адзнакі ў 10 забітых мячоў і 10 асістаў ў гэтым сезоне бундэслігі. Толькі тры гульцы ў топ-5 ліг Еўропы здолелі дасягнуць такіх жа паказчыкаў раней. Гэта форвард „Барселоны” Ліянэль Месі (19 галоў і 12 перадач), хаўбек „Барусіі” з Дортмунда Джейдан Санча (14+16) і паўабаронца „Баварыі” Серж Гнабры (11+11).

Ян Каравай, Беларускае Радыё Рацыя

Фота hockey.by