Карына Таранда ўсталявала новы моладзевы рэкорд



Беларуская скакуха ў вышыню Карына Таранда ўсталявала новы моладзевы рэкорд Беларусі на турніры пад эгідай Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый у Астраве. Пераадолеўшы планку на вышыні 1,98 метра, яна заняла 2-е месца.  Выйграла тытулаваная расіянка Марыя Ласіцкенэ з вынікам – 2,06 метраў.

* * * 

Беларускі тэнісіст Уладзімір Ігнацік выбыў у 1/8 фіналу турніру ў Браціславе з прызавым фондам  69 тысяч 280 еўра. Наш суайчыннік саступіў славаку Ёзэфу Каваліку з лікам 6:3, 6:7 (10:12), 4:6.

Вера Лапко стартуе ў кваліфікацыі турніру ў брытанскім Істбурне з прызавым фондам звыш 900 тысяч даляраў. У выніку лёсавання ў матчы першага раўнда ёй выпала супернічаць з аўстралійкай Дар’яй Гаўрылавай, якая атрымала „уайлд кард” і 5-ы нумар пасеву.

* * * 

Новы галоўны трэнер зборнай Беларусі Міхаіл Мархель распавёў, у які футбол будзе гуляць каманда пад яго кіраўніцтвам. „Будзем намагацца гуляць у відовішчны футбол. Разумеем, што не з’яўляемся грандамі еўрапейскага футбола, але гуляць з імі і паказваць пры гэтым досыць добрую змястоўную гульню мы,  думаю, у стане. А ў гульнях з супастаўнымі супернікамі павінны гуляць першым нумарам. Гэты футбол будзе падабацца нашым заўзятарам. Паспрабуем прыкласці для гэтага максімум намаганняў”, – дадаў Міхаіл Мархель. Нагадаю,  кантракт Міхаіла Мархеля разлічаны на 3 гады. Да гэтага ён узначальваў моладзевую зборную Беларусі.

* * * 

Бразільскі паўабаронца менскага „Дынама” Даніла Соуза Кампос трапіў у лазарэт з пераломам нагі. Футбаліст атрымаў траўму ў пераможным матчы чэмпіянату Беларусі супраць „Энергетыка” – БДУ з лікам 6:1. Такім чынам, Даніла напэўна прапусціць матчы 1-га кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы супраць „Ліепаі”.

* * * 

У панядзелак стартуе вучэбна-трэніровачны збор моладзевай зборнай Беларусі па хакеі. Каманда збярэцца ў Раўбічах і правядзе тыднёвы мікрацыкл у фармаце „зямля-лёд”, пасля чаго падначаленыя Дзмітрыя Дудзіка на месяц перабазуюцца ў Ліду. Лядовыя трэніроўкі ў хлопцаў пачнуцца з 16 ліпеня, на 21 і 28 ліпеня запланаваны таварыскія матчы. У каманду выкліканыя 26 хакеістаў.  У жніўні моладзевая зборная Беларусі згуляе ў Кубку Салея. Першы матч падначаленыя Дзмітрыя Дудзіка правядуць 1 жніўня ў гасцях з” Магілёвам”, адзначае афіцыйны сайт Федэрацыі хакея Беларусі.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя