„Хабнарф’ёрдзюр” стаў супернікам менскага СКА ў кваліфікацыі Кубка ЕГФ



У Вене адбылося лёсаванне стартавых стадый клубных кантынентальных гандбольных турніраў. Віцэ-чэмпіёны Беларусі гандбалісты менскага СКА ў другім кваліфікацыйным раўндзе другога па рангу турніру – Кубка ЕГФ двойчы сустрэнуцца з ісландскім клубам „Хабнарф’ёрдзюр”. Першая гульня адбудзецца 16 або 17 кастрычніка ў Ісландыі, у адказ – 23 або 24 кастрычніка ў Менску. У тыя ж тэрміны магілёўскі клуб „Машэка” будзе супернічаць з латвійскім „Дабеле”. Іх першая сустрэча пройдзе ў Магілёве, зваротная – на пляцоўцы латвійскай каманды.

У розыгрышы Кубка ЕГФ сярод жаночых каманд гандбалісткі берасцейскага клуба „Вікторыя-Бярэсце” ўступяць у барацьбу з другога кваліфікацыйнага раўнду. Сваіх суперніц берасцейкі пазнаюць у канцы кастрычніка пасля стартавых паядынкаў кваліфікацыі.

Аўстралійскі Брысбен прыме летнюю Алімпіяду 2032 года

Аўстралійскі Брысбэн будзе гаспадаром XXXV летніх Алімпійскіх гульняў. Такое рашэнне прынялі сёння ўдзельнікі 138-й сесіі Міжнароднага алімпійскага камітэта ў Токіо. Акрамя Брысбена, жаданне прыняць у 2032 годзе летнюю Алімпіяду выказвалі Доха, Будапешт, нямецкі рэгіён Рэйн-Рур, кітайскія гарады Чэнду і Чунцын.

Зборная Канады згуляла ўнічыю з камандай Японіі ў матчы жаночага алімпійскага футбольнага турніру

Жаночая зборная Канады згуляла ўнічыю з Японіяй у матчы першага тура групы „Е” на алімпійскім футбольным турніры – 1:1. У складзе каманды Канады гол забіла Сінклэйр. У японак вызначылася Івабучы. Акрамя Японіі і Канады ў групе „Е” выступаюць зборныя Вялікабрытаніі і Чылі, якія ўжо паспелі правесці свой матч раней (2:0).

Ягор Герасімаў і Ілля Івашка выступяць у Токіо ў спаборніцтве дуэтаў

24 ліпеня ў Токіо стартуе алімпійскі тэнісны турнір. Беларускія тэнісісты атрымалі права выступіць у мужчынскім парным разрадзе Алімпіяды ў Токіо. Як паведаміла Міжнародная тэнісная федэрацыя (ITF), беларускі тандэм Іллі Івашкі і Ягора Герасімава кваліфікаваўся ў мужчынскі парны разрад алімпійскага тэніснага турніру.

Беларускае Радыё Рацыя

Фота: rushandball.ru