Хакеем кіруюць дылетанты



Старшыня РГА “Перспектыва” і хакейны заўзятар Анатоль Шумчанка прааналізаваў правальнае выступленне зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету па хакеі.

На першынстве беларускія хакеісты прайгралі ўсе матчы: шведам (0:5), Францыі (2:6), Расеі (0:6), Швейцарыі (2:5), Чэхіі (0:3), Аўстрыі (0:4) і Славакіі (4:7). Зборная пакідае элітны дывізіён, у якім пастаянна гуляла з 2005 года.

Анатоль Шумчанка: Заканамерны вынік, да якога мы ішлі апошнія гады. На мой, погляд, самая галоўная прычына правалу ў тым, што беларускім хакеем кіруюць дылетанты. У кіраўніцтве – функцыянеры, якія самі ніколі клюшку ў руках не трымалі і не ведаюць, што гэта такое. Хакеем кіруюць міністры ўнутраных спраў, адстаўныя памежнікі, былыя дырэктары птушкафабрык. Адным словам, усе хто заўгодна, але толькі не тыя, хто ведае хакей ва ўсіх нюансах.

РР: Але ж, напэўна, былі і аб’ектыўныя прычыны для правалу

Анатоль Шумчанка: Безумоўна, ёсць комплекс праблем. Напрыклад, менскае “Дынама” хацелі зрабіць базавым клубам зборнай, а замест сваіх брамнікаў купляюць і ставяць на браму замежных. Як гэта разумець? На якія зборныя працуе “Дынама”? І ўвогуле, трэба зрабіць больш моцны нацыянальны чэмпіянат. Узровень КХЛ высокі, але ў такім выпадку ў “Дынама” на вядучых ролях павінны быць беларусы.

Акрамя таго, як мне падаецца, трэба больш прыцягваць да працы былых вядомых беларускіх хакеістаў – Эдуарда Занкаўца, Андрэя Скабелку, Уладзіміра Цыплакова… Вось гэтыя людзі вельмі хутка знойдуць механізмы вырашэння многіх пытанняў. Але мне не зразумела, чаму гэтага не адбываецца.

Кастусь Заблоцкі, Беларускае Радыё Рацыя