Хакеісты менскага „Дынама” абыгралі „Амур” у матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты сталічнага „Дынама” абыгралі „Амур” у матчы чэмпіянату КХЛ. Сустрэча на лёдзе „Меск-Арэны” завяршылася на карысць каманды Крэйга Вудкрафта – 2:1 дзякуючы закінутым шайбам Матыяса Тэдэнбю і Тэйлара Бека. На матчы дынамаўцаў з «Амурам» зафіксаваны антырэкорд наведвальнасці «Менск-Арэны» у гэтым сезоне. Гульню наведалі ўсяго 4518 гледачоў. З 11-ю ачкамі дынамаўцы займаюць 13-е месца ў КХЛ з 24-х.

Кубарава і Шымановіч выйшлі ў 1/8 фіналу тэніснага турніру ў Ле-Небуре

Дзве беларускія тэнісісткі паспяхова стартавалі на турніры ў французскім Ле-Небурэ з прызавым фондам 80 тысяч даляраў. Ганна Кубарава, якая мае 323-ы нумар сусветнага рэйтынгу, у першым раўндзе перамагла ў двух сэтах амерыканку К’яры Шоль – 6:4, 7:6. 277-я ракетка планеты Ірына Шымановіч таксама ў дзвюх партыях абыграла прадстаўніцу Францыі Селен Янічыевіч – 7:5, 6:4.

Кандрацьеў назваў склад футбольнай зборнай Беларусі на матчы

Галоўны трэнер футбольнай зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў назваў склад на кастрычніцкія матчы адборавага турніру чэмпіянату свету. У трэніравальны лагер запрошаны 26 гульцоў: брамнікі – Ягор Хаткевіч ( „Дынама”, Менск), Павел Паўлючэнка ( „Рух”, Берасце), Уладзіслаў Васілючак („Іслач”, Менскі раён), Раман Сцяпанаў („Дынама”, Берасце); абаронцы – Сяргей Паліцэвіч, Аляксандр Сачыўка, Раман Бегуноў, Глеб Шаўчэнка (усе – „Шахцёр”, Салігорск), Раман Юзэпчук, Кірыл Печэнін, Арцём Рахманаў (усе – „Рух”, Берасце), Мікалай Золатаў („Колас”, Кавалёўка, Украіна), Максім Сшывальшчыкаў ( „Дынама”, Менск); паўабаронцы – Мікіта Корзун, Дзмітрый Падстрэлаў (абодва – „Шахцёр”, Салігорск), Яўген Яблонскі (БАТЭ, Барысаў), Макс Эбонг ( „Астана”, Нур-Султан, Казахстан), Уладзіслаў Клімовіч, Арцём Быкаў (абодва – „Дынама” , Мінск), Павел Сядзько („Тарпеда”, Масква, Расея), Руслан Лісаковіч ( „Іслач”, Мінскі раён), Дзяніс Грэчыха, Арцём Канцавы (абодва – „Рух”, Берасце), і Вадзім Пабудзей ( „Гомель”); нападнікі – Віталь Лісаковіч ( „Лакаматыў”, Масква, Расея), і Андрэй Салавей („Гомель”).

Каманда збярэцца 3 кастрычніка ў Менску і будзе трэніравацца на базе асацыяцыі „Беларуская федэрацыя футбола”. Затым беларускія футбалісты адправяцца ў Талін, дзе 8 кастрычніка сустрэнуцца са зборнай Эстоніі.

Вадзім Скрыпчанка зноў стаў галоўным трэнерам ФК „Менск”

Беларускі спецыяліст Вадзім Скрыпчанка прызначаны галоўным трэнерам футбалістаў „Менска”. На гэтай пасадзе 46-гадовы беларускі спецыяліст змяніў расейца Фёдара Шчэрбачэнку, які ўзначальваў „Менск” з сярэдзіны студзеня. Вадзім Скрыпчанка ўжо працаваў з менскай камандай, у 2013 годзе пад яго кіраўніцтвам мінчане ўпершыню ў сваёй гісторыі заваявалі Кубак Беларусі, а потым прабіліся ў плэй-оф кваліфікацыі Лігі Еўропы. У сёлетнім чэмпіянаце краіны футбалісты „Менска” займаюць 11-е месца, набраўшы 27 ачкоў у 23 згуляных матчах.

Беларускае Радыё Рацыя