Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Северсталь” у матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Северсталь” у матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня ў Чарапаўцы завяршылася па булітах на карысць каманды Крэйга Вудкрафта з лікам 2:1. На 17-й хвіліне першая тройка дынамаўцаў скарысталася памылкамі абаронцаў „Северсталі” і шайбу закінуў Роб Клінкхамер. Беларуская каманда не дацярпела да фінальнай сірэны шэсць хвілін. Гаспадары выкарысталі большасць пасля выдалення Сцяпана Фалькоўскага. Вызначыўся Адам Лічка. Сустрэча перайшла ў авертайм. У дадатковы час у мінчан маглі вызначыцца Кірыл Варонін, Раман Гарбуноў і Шэйн Прынс, але нажаль, абарона і галкіпер „Северсталі” згулялі беспамылкова. Такім чынам, лёс матчу вырашыўся ў серыі булітаў. Перамогу „зубрам” прынеслі дакладныя кідкі Аляксандра Когалева і Аляксандра Варфаламеева. Наступны матч менчукі правядуць 19 студзеня супраць хакеістаў „Сочы”.

Тар’ей Бё выйграў мас-старт на этапе Кубка свету ў Оберхофе

У нямецкім Аберхофе двума мас-стартамі завяршаецца шосты этап Кубка свету па біятлону. У мужчынскай гонцы на 15 км з чатырма агнявымі рубяжамі пераможцам стаў нарвежац Тар’е Бё, які паказаў вынік 37 хвілін 41,9 секунды і дапусціў толькі адзін промах пры стральбе. На 3,6 секунды ад яго адстаў аўстрыец Фелікс Ляйтнэр, трэцім фінішаваў швейцарац Бенжамін Вягера. Беларускі біятланіст Сяргей Бачарнікаў з адным промахам на другой стральбе лежачы заняў 21-е месца, адстаўшы ад пераможцы на 1 хвіліну 25 секунд. У жанчы перамагла францужанка Жулі Сымон. Дыстанцыю працягласцю 12,5 км францужанка прабегла за 40 хвілін 11,1 секунды, дапусціўшы тры промахі на чатырох агнявых рубяжах. Другой да фінішу прыйшла немка Францыска Пройс, трэцяе месца заняла шведка Ганна Эберг. Лідэр беларускай зборнай Дынара Алімбекава апынулася на 13-й пазіцыі з трыма промахамі і адставаннем 35,4 секунды.

Ала Цупер выйграла срэбра этапу КС у Яраслаўлі

Беларуская фрыстайлістка Ала Цупер выйграла срэбра этапу Кубка свету па лыжнай акрабатыцы ў расійскім Яраслаўлі. Алімпійская чэмпіёнка Сочы-2014 набрала выніковыя 89,82 бала. Апярэдзіць яе змагла толькі амерыканка Меган Нік – 89,88 пункта. Што тычыцца астатніх беларусак, то Ганна Гуськова заняла чацвёртае месца з адзнакай 85,36 ачкі. Анастасія Андрыянава завяршыла спаборніцтвы на 23-й пазіцыі ў выніковым протоколе. У той жа час беларускія фрыстайлісты ў складзе з Ганнай Гуськовай, Максімам Гусцікам і Паўлам Дзікам занялі 5-е месца ў камандным турніры.

Гандбалісткі „Бярэсця” не выйшлі ў чвэрцьфінал Кубка ЕГФ

На гандбольных арэнах Еўропы прайшлі матчы 1/8 фіналу розыгрышу Кубка ЕГФ сярод жаночых каманд. Гандбалісткі „Бярэсця” прайгралі ў Львове мясцоваму клубу „Галычанка” з лікам 16:29. У першай сустрэчы, якая таксама адбылася на пляцоўцы ўкраінскай каманды, берасцейская каманда саступіла 26:32.

Іспанцы з цяжкасцю перамаглі палякаў на Чэмпіянаце свету па гандболе

Зборная Вугоршчыны разграміла каманду Уругвая 44:18, зборная Даніі – ДР Конга 39:19, іспанцы нанеслі паразу палякам 27:26 у матчах групавога этапу чэмпіянату свету па гандболе ў Егіпце. Датчане і вугорцы гарантавалі сабе выхад у асноўны раўнд. Польшча займае другое месца пасля гульняў, маючы 2 ачкі, у іспанцаў 3 балы.

«Атлетык» у авертайме абыграў «Барселону» і выйграў Суперкубак Іспаніі

У фінальным матчы Суперкубка Іспаніі, у якім «Барселона» сустракалася з «Атлетыкам» ў Севільі баскі выйгралі ў авертайме з лікам 3:2. Асноўны час матчу завяршыўся з лікам 2:2. «Барселона» адкрыла лік у матчы на 40-й хвіліне. Гол у свой актыў запісаў Антуан Грызман. Праз дзве хвіліны «Атлетык» зраўняў лік пасля дакладнага ўдару Оскара дэ Маркаса. На 77-й хвіліне каталонскі клуб зноў выйшаў наперад. Дубль аформіў Грызман. На 90-й хвіліне Ас’ер Вільялібрэ зрабіў лік роўным і перавёў гульню ў авертайм. Праз тры хвіліны пасля пачатку дадатковага часу клуб з Більбаа выйшаў наперад дзякуючы голу Іньякі Ўільямса. Пад самую заслону матчу ўпершыню ў сваёй клубнай кар’еры з поля быў выдалены нападнік «Барселоны» Ліянэль Месі і каталонцы не змаглі зраўняць лік. „Ліверпуль” згуляў унічыю з „Манчэстар Юнайтэд” у хатнім матчы 19-га тура чэмпіянату Англіі – 0:0. «Манчэстэр Сіці» разграміў «Крыстал Пэлас» 4:0 і выйшаў на другое месца ў турнірнай табліцы АПЛ – абаронца Джон Стоунс зрабіў галявы дубль. „Інтэр” дзякуючы галам Відаля і Барэлі абыграў „Ювентус” у матчы 18-га тура чэмпіянату Італіі – 2:0 і з 40 баламі ідзе другім у турнірнай табліцы, столькі ж ачкоў у лідара „Мілана”. „Ювентус” займае пятае месца з 33 баламі.

Беларускае Радыё Рацыя