Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Северсталь” у матчы чэмпіянату КХЛ
Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Северсталь” у матчы чэмпіянату КХЛ. Гульня завяршылася на карысць падначаленых Крэйга Вудкрафта – 2:1. „Северсталь” традыцыйна нязручны супернік для „зуброў”, таму нядзіўна, што з самага пачатку сустрэчы гаспадарам „Мінск-Арэны” было нялёгка. У першым перыядзе гледачы закінутых шайбаў не ўбачылі, а ў другім дынамаўцы адразу далі зразумець пра сур’ёзнасць сваіх намераў, правёўшы некалькі небяспечных нападаў. На сёмай хвіліне Арцём Дзямкоў адгукнуўся на перадачу Брэнана Менэла і адкрыў лік. Да перапынку госці так і не змаглі зраўняць лік.
Трэці перыяд „Северсталь” пачала ў большасці і змагла рэалізаваць перавагу. Аднак менчукі не здаліся, правялі некалькі небяспечных выпадаў і на 51-й хвіліне зноў выйшлі наперад. Вызначыўся Шэйн Прынс, які магутным кідком адправіў шайбу ў дальні кут. Дынамаўцы змаглі перапыніць серыю няўдач у хатніх матчах з чарапаўчанамі, святкаваўшы важную з пункту гледжання турнірнай сітуацыі перамогу.
Зборная Катара перамагла каманду Аргенціны, харваты саступілі датчанам
На чэмпіянаце свету па гандболе сярод мужчынскіх каманд у групе 2 адбыліся два матчы.
Данія перамагла Харватыю – 38:26, Аргенціна саступіла Катару – 25:26.
У плей-оф выйшлі каманды Даніі і Катара.
Зборная Іспаніі перайграла вугорцаў 36:28, палякі і немцы не выявілі пераможцу – 23:23. У плей-оф выйшлі каманды Іспаніі і Вугоршчыны.
Дынара Алімбекава займае 7-е месца ў агульным заліку Кубка свету па біятлоне
Беларуская біятланістка Дынара Алімбекова займае 7-е месца ў агульным заліку Кубка свету пасля сямі праведзеных этапаў. На кубкавым этапе ў італьянскім Антхольцы Дынара заняла 8-е месца ў індывідуальнай гонцы на 15 км і фінішавала 30-й у мас-старце на 12,5 км. Зараз у актыве лідара беларускай жаночай каманды 448 ачкоў.
Жаночы індывідуальны залік узначальвае нарвежская біятланістка Марце Олсбю-Ройсэлан, у якой 625 ачкоў, услед за ёй ідзе яе суайчынніца Цірыль Экхаф і шведка Ханна Эберг. Цяпер самыя моцныя біятланісты планеты пачалі мэтанакіраваную падрыхтоўку да чэмпіянату свету, які пройдзе з 10 па 21 лютага ў славенскай Паклюцы.
Хакеісты зборнай Беларусі згуляюць на турніры ў Казахстане
Хакеісты нацыянальнай зборнай Беларусі ў лютым выступяць на міжнародным турніры PariMatch Qazaqstan Hockey Open ў Нур-Султане.
Акрамя падначаленых Міхаіла Захарава ў спаборніцтвах у казахстанскай сталіцы прымуць удзел дзве каманды гаспадароў і алімпійская зборная Расеі. У стартавым паядынку 10 лютага беларускія хакеісты сустрэнуцца з першай зборнай Казахстана, 11 лютага згуляюць з расейцамі, а 12 лютага завершаць турнір гульнёй з другой казахстанскай камандай.
Для зборнай Беларусі турнір стане першай праверкай сіл пасля гадавога перапынку.
Барыс Панкратаў перайшоў у „Іслач”
Галкіпер Барыс Панкратаў стаў гульцом „Іслачы”.
„У новым сезоне галкіпер будзе гуляць за” ваўкоў „. Панкратаў з’яўляецца выхаванцам магілёўскага футбола. Прафесійную кар’еру пачынаў у камандзе „Днепр-2” з роднага горада. Пазней выступаў за шклоўскі „Спартак”, барысаўскі БАТЭ, менскае „Дынама”, мікашэвіцкі „Граніт”, магілёўскі „Днепр”, гарадзенскі „Нёман”, бабруйскую „Белшыну” і „Слуцк”. У вышэйшай лізе правёў 226 матчаў, з іх 68 „на нуль”. Разам з БАТЭ выйграваў Кубак Беларусі і двойчы станавіўся чэмпіёнам краіны.
Кікі Габі перайшоў у берасцейскі „Рух”
Абаронца Кікі Габі падпісаў кантракт з берасцейскім „Рухам”. Пра гэта паведамляе прэс-служба. Кантракт з 25-гадовым камерунскім абаронцам разлічаны да канца года. Апошнія 2,5 гады футбаліст выступаў за берасцейскае „Дынама”, у складзе якога правёў 76 матчаў і забіў 5 мячоў, а таксама стаў чэмпіёнам краіны і двойчы ўладальнікам Суперкубка.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя
