Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Ак Барс” у матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” перамаглі „Ак Барс” у матчы чэмпіянату КХЛ. Матч у Казані завяршыўся ў авертайме з лікам 4:3. На 14-й хвіліне шведскі легіянер „зуброў” Маціяс Тэдэнбю адкрыў лік, а незадоўга да фінальнай сірэны перыяду гаспадары аднавілі раўнавагу. Другі перыяд для менчукоў пачаўся з выдалення Уладзіміра Алістрава за затрымку суперніка клюшкай. Дзве хвіліны „зубры” паспяхова адбівалі атакі „барсаў”. Аднак пасля таго як склады падраўняліся, на 24-й хвіліне матчу Ілля Сафонаў вывеў казанцаў наперад. Бліжэй да сярэдзіны перыяду «дынамаўцы» намаганнямі Кірыла Вароніна зраўнялі лік, але вельмі хутка зноў апынуліся ў ролі даганяючых. У трэцім перыядзе Ілля Вусаў закінуў чарговую шайбу за «Дынама» і зрабіў лік 3:3, і камандам давялося вызначаць пераможцу ў авертайме. Не прайшло і хвіліны, як „Дынама” удалася галявая атака ў выкананні Матыяса Тэдэнбю, і мінчане пакінулі лёд „Татнафта-Арэны” з перамогай. Наступны матч беларуская каманда правядзе заўтра ў гасцях супраць ніжнекамскага „Нафтахіміка”.

„Вашынгтон” адправіў Аляксея Протаса у АХЛ

Трэнерскі штаб „Вашынгтона” прыняў рашэнне адправіць Аляксея Прoтаса ў фарм-клуб для атрымання гульнявой практыкі. У бліжэйшыя дні беларус далучыцца да каманды „Хёрш Бірз”, з якой пачне сезон у АХЛ, паведамляе канал „Хакейнае Варэнне”. У мінулым сезоне 20-гадовы гулец набраў 18 (10 + 8) ачкоў у 58 матчах за мінскае „Дынама” у „рэгулярцы” КХЛ і 4 (1 + 3) балы ў пяці сустрэчах плэй-оф. У АХЛ ён набраў 7 (2 + 5) балаў у 16 матчах за „Хёрш”. Акрамя таго, Протас дэбютаваў у складзе зборнай Беларусі на чэмпіянаце свету-2021 і аддаў дзве выніковыя перадачы ў шасці паядынках. Таксама адпраўлены ў фарм-клуб „Філадэльфіі” Максім Сушко. Беларускі форвард і яшчэ сем гульцоў адправіліся ў размяшчэнне „Ліхай-Вэлі” у АХЛ. Сушко згуляў у перадсезонным матчы за „Айлендерс”, у якім закінуў шайбу. Затым беларус прапусціў матчы з „Бостанам”, „Вашынгтонам”. Максім пачынаў мінулы сезон у мінскім „Дынама”. У КХЛ ён правёў 30 матчаў і набраў 5 (2 + 3) ачкоў. Затым вярнуўся ў Паўночную Амерыку, дзе гуляў у сістэме „Флаерз”. Беларус зімой дэбютаваў у НХЛ і правёў дзве сустрэчы за аснову „Філадэльфіі”. У складзе фарма Сушко згуляў дзевяць паядынкаў у АХЛ. Кантракт пачаткоўца з „лётчыкамі” у Максіма дзейнічае яшчэ год.

Аляксандр Гуштын заняў пятае месца на ЧС па барацьбе ў Нарвегіі

Беларускі спартовец Аляксандр Гуштын заняў пятае месца на чэмпіянаце свету па вольнай барацьбе ў Осла. Гуштын у вазе 97 кг у паядынку за бронзу саступіў украінскаму змагару Магамеду Закарыеву – 3:9. У катэгорыі 70 кг золата выйграў Магамедмурад Гаджыеў, які выступае за зборную Польшчы. У фінале ён перамог кіргіза Эрназара Акматаліева – 2:1. Такім чынам беларуская каманда выйграла на чэмпіянаце свету па вольнай барацьбе адзін бронзавы медаль Арыяна Цютрына ў вазе 50 кг, і гэта сёмае месца ў камандным заліку.

Лепшы бамбардзір менскага „Дынама” перайшоў у „Макабі”

Сенегальскі форвард Аблаеў Мбенг перайшоў з менскага „Дынама” у „Макабі” з Петах-Тыкве. Пра гэта паведамляе прэс-служба клуба, які выступае ў мацнейшым дывізіёне чэмпіянату Ізраіля. Пагадненне разлічана да канца сезона з опцыяй падаўжэння яшчэ на год. У вышэйшай лізе-2021 форвард правёў у складзе „бела-сініх” 15 матчаў і забіў 10 мячоў. Мбенг быў лепшым бамбардзірам мінскага „Дынама” у гэтым сезоне.

Мадрыдскі „Рэал” прапанаваў Мбапэ кантракт на шэсць гадоў з заробкам 40 млн еўра ў год

Прэзідэнт мадрыдскага „Рэала” Фларэнціна Перэс прапанаваў кантракт форварду „ПСЖ” і зборнай Францыі Кіліану Мбапэ. „Рэал” мае намер займець француза ў якасці вольнага агента. Перэс прапанаваў Мбапэ 6-гадовы кантракт з заробкам каля 40 мільёнаў еўра. Тым не менш, „ПСЖ” не хоча адпускаць француза ў Мадрыд і паспрабуе зрабіць яму яшчэ адну прапанову. Кантракт Мбапэ з французскім клубам дзейнічае да 30 чэрвеня 2022 года. Летам француз мог сысці ў „Рэал”, але парыжане не прынялі прапанову мадрыдскага клуба. Мбапэ паведаміў, што прасіў кіраўніцтва парыжан адпусціць яго мінулым летам. У цяперашнім розыгрышы французскай лігі 1 нападнік правёў дзевяць матчаў, забіў чатыры мячы і аддаў тры выніковыя перадачы. Кіліан выступае за „ПСЖ” з 2017 года, а да гэтага абараняў колеры „Манака”.

Беларускае Радыё Рацыя