Хакеісты менскага „Дынама” прайгралі ЦСКА ў матчы чэмпіянату КХЛ



Хакеісты менскага „Дынама” саступілі ЦСКА з лікам 4:6 у заключным матчы пераднавагодняй выязной серыі чэмпіянату КХЛ. Ілья Усаў адзначыўся дублем, яшчэ па шайбе закінулі Сяргей Сапега  і Матыяс Тэдэнбю. Пасля 43 праведзеных сустрэч у актыве менскага „Дынама” засталося 48 ачкоў, і яны знаходзяцца на восьмым месцы ў турнірнай табліцы Заходняй канферэнцыі. Свой наступны паядынак „зубры” правядуць 29 снежня на лёдзе „Менск-Арэны” супраць магнітагорскага „Металурга”.

Чэмпіянат Беларусі па хакею

Хакейны клуб „Лакаматыў Орша” на сваёй пляцоўцы не змог закінуць у брамку суперніка ніводнай шайбы. Менскае „Юнацтва” перамагло з лікам 1:0. Перамогу  „Юнацтву” прынёс буліт Андрэя Паўленкі. Упершыню ў гэтым сезоне асноўны час і авертайм паядынку завяршыліся без закінутых шайб. Для „Юнацтва” гэта 9-я перамога запар.  „Хімік Наваполацк” на сваім лёдзе перамог салігорскі „Шахцёр” з лікам 2:1.

„Хіміку” удалося спыніць серыю з трох паразаў запар і вярнуцца ў топ-6. „Шахцёр Салігорск” пацярпеў 2-ю паразу запар. „Віцебск” перамог „Дынама Маладзечна” з лікам 6:1. Для „Віцебска” гэта восьмая перамога ў апошніх 10 матчах.

ВРЗ перамог „Сталіцу” у 1/8 фіналу Кубка Беларусі па міні-футболе

Вызначыліся ўсе ўдзельнікі чвэрцьфінальнай стадыі розыгрышу Кубка Беларусі па міні-футболе. У цэнтральным паядынку 1/8 фіналу ў Гомелі сышліся цяперашні ўладальнік трафея мясцовы ВРЗ і фіналіст мінулага кубкавага розыгрышу „Сталіца”. Ва ўпартай барацьбе гамяльчане адолелі мінчан з мінімальнай перавагай у ліку – 2:1.  У матчах за выхад у „Фінал чатырох” спартоўцы ВРЗ двойчы сустрэнуцца з дзеючым чэмпіёнам краіны аршанскім „Вітэнам”, які ў 1/8 фіналу разграміў на выездзе аўтсайдэра нацыянальнага першынства „Ліду” – 8:1.

„Манчэстэр Сіці” разграміў „Лестэр”

У адным з ключавых матчаў 19-га тура чэмпіянату Англіі па футболе „Манчэстэр Сіці” на стадыёне „Этыхад” узяў верх над „Лестэрам” – 6:3.

«Гараджане» зрабілі важкую заяўку на поспех у першым тайме, у якім адправілі ў браму суперніка чатыры безадказныя мячы. „Лестэр” не здаўся і ў другой палове матчу нават змог скараціць адставанне да мінімуму. Але затым манчэстэрцы забілі яшчэ двойчы і, такім чынам, адсвяткавалі найважнейшую перамогу, якая стала для іх дзявятай запар у турніры. Стэрлінг адзначыўся дублем.

„Тотэнхэм” разграміў „Крыстал Пэлас” – 3:0 дзякуючы галам Кейна, Лукаса Моуры і Сон Хын Міна.

Яшчэ адзін лонданскі клуб «Арсенал разграміў у гасцях  „Норвіч” – 5:0 – Сака адзначыўся дублем.

Мадрыдскі „Рэал” гатовы ў студзені прадаць некалькіх гульцоў

Кіраўніцтва мадрыдскага „Рэала” хоча ў студзені прадаць некалькіх гульцоў, паведамляе Marca. Паводле інфармацыі крыніцы, мадрыдскі клуб хоча пазбавіцца ад паўабаронцы Іска і нападніка Гарэта Бэйла, чые кантракты заканчваюцца летам. „Рэал” з павагай паставіцца да любога рашэння Марсэла, а таксама гатовы выслухаць прапановы па Мар’яну Дыясу, Луку Йовічу і Эдэну Азару.

„Сметанковыя” лічаць, што не змогуць падпісаць якасных гульцоў падчас зімовага трансфернага акна, таму будуць рыхтавацца да летніх пераходаў. „Рэал” пасля 19 матчаў лідыруе ў турнірнай табліцы іспанскага першынства маючы ў сваім актыве 46 ачкоў.

Джокавіч – спартовец года па версіі інфармацыйных агенцтваў

Сербскі тэнісіст Новак Джокавіч прызнаны спартоўцам года ў Еўропе па версіі інфармацыйных агенцтваў.

Першая ракетка свету перамог у галасаванні, у якім бралі ўдзел 26 інфармацыйных агенцтваў. Серб набраў 172 ачкі і на 39 ачкоў апярэдзіў польскага нападніка „Баварыі” Роберта Левандоўскага. Тройку прызёраў замкнуў новы чэмпіён свету Формулы-1 Макс Ферстапен.

У гэтым сезоне Джокавіч перамог на трох турнірах Вялікага Шлема з чатырох. Серб сёмы раз завяршыў тэнісны год на першым месцы сусветнага рэйтынгу ATP.

Беларускае Радыё Рацыя