Хакеісты „Металурга” выйшлі ў фінал плей-оф беларускай экстралігі



У паўфінале „ваўкі” ў серыі з сямі матчаў абыгралі „Шахцёр”. Вырашальная гульня супрацьстаяння праходзіла ў Жлобіне. Першы перыяд, здавалася, заставаўся безгалявым, але за 4 секунды да сірэны абаронца гаспадароў Арцём Волчанкаў паспеў вывесці сваю каманду наперад. У другой трэці перавагу „Металурга” падвоіў Аляксандр Сувораў, які закінуў практычна з цэнтра пляцоўкі, а роўна праз хвіліну яго аднаклубнік Сяргей Кузняцоў засмуціў брамніка „Шахцёра” трэці раз. Яшчэ па шайбе ў пачатку і канцы фінальнай дваццаціхвілінкі аформілі Ілля Шурынаў і Аляксей Маструкоў – у выніку разгромная перамога „ваўкоў” – 5:0. Такім чынам лік паўфінальнага супрацьстаяння – 4:3, „Металург” выходзіць у трэці ў гісторыі клуба фінал, прычым упершыню з 2013 года. Сапернікам жлобінскай каманды ў вырашальнай серыі стане дзейны чэмпіён краіны менскае „Юнацтва”. Першы матч фіналу плэй-оф экстралігі пройдзе 13 красавіка ў сталіцы.

„Цмокi-Мінск” перамаглі баскетбалістак „Вікторыі” на старце бронзавай серыі

Баскетбалісткі „Цмокi-Мінск” выйшлі наперад у серыі за бронзавыя медалі 30-га чэмпіянату Беларусі сярод жаночых каманд. У першым паядынку падначаленыя Андрэя Ваўлева перайгралі на сваёй пляцоўцы гарадзенскую „Вікторыю” з лікам 70:6. Самай выніковай у складзе пераможцаў стала Дар’я Магаляс, якая набрала 16 ачкоў. У гасцей найлепшай была Алеся Сліж, у актыве якой 14 балаў. Каманды заўтра зноў сустрэнуцца ў Менску, а 15 красавіка згуляюць у Гародні. Серыя за бронзу працягнецца да трох перамог адной з каманд.

У барацьбе за золата нацыянальнага першынства дзейныя чэмпіёнкі краіны баскетбалісткі „Гарызонта” згуляюць з гарадзенскай „Алімпіяй”. Першыя паядынкі рашаючай серыі за залатыя медалі адбудуцца 11 і 13 красавіка ў Менску.

Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка выйшла ў 1/2 фіналу турніру ў Партугаліі

Беларуская тэнісістка Юлія Гатоўка, якая мае 225-ы нумар сусветнага рэйтынгу, выйшла ў паўфінал турніру ў партугальскім Аэйрашы з прызавым фондам 80 тысяч даляраў. У чвэрцьфінале беларуска перамагла ў дзвюх партыях румынскую тэнісістку Крысціну-Андрэа Міту – 6:3, 6:3. Сёння, 9 красавіка, у матчы за выхад у фінал саперніцай Юліі Гатоўкі будзе балгарская тэнісістка 107-я ракетка планеты Вікторыя Томава.

Завершаны чацвёрты дзень адкрытага чэмпіянату Беларусі па плаванні

У Берасці працягваецца адкрыты чэмпіянат Беларусі па плаванні. У чацвёрты дзень спаборніцтваў былі разыграны сем камплектаў узнагарод. Званні чэмпіёнаў краіны заваявалі прадстаўнікі Гарадзенскай вобласці Руслан Скамарошка (200 м, вольны стыль) і Анастасія Васкевіч (200 м, комплексным плаваннем), спартоўцы з Менска Віктар Стасяловіч (50 м, спіна), Канстанцін Курачкін (800 м, вольны стыль) і Анастасія Куляшова (100 м, батэрфляй). У фінальным заплыве ў жанчын на дыстанцыі 50 м вольным стылем аднолькавы час паказалі берасцейка Анастасія Шкурдай і Анастасія Каракоўская, якая прадстаўляе сталіцу. У змешанай эстафеце 4х100 м комплексным плаваннем перамагла каманда Менска ў складзе Івана Буевіча, Дзмітрыя Паўлаўца, Анастасіі Куляшовай і Анастасіі Каракоўскай. Сёння, 9 красавіка, у апошні дзень чэмпіянату Беларусі па плаванні, будуць разыграны медалі ў дзесяці відах праграмы.

Беларускае Радыё Рацыя