Хакеісты „Нёмана” атрымалі трэцюю перамогу над „Юнацтвам”



Хакеісты „Нёмана” атрымалі трэцюю перамогу над „Юнацтвам” у фінальнай серыі чэмпіянату Беларусі ў экстралізе. У чацвёртай гульні, якая прайшла ў Менску, гарадзенцы дабіліся поспеху ў авертайме з лікам 2:1 (0:0, 1:0, 0:1, 1:0).

Абедзве каманды ўважліва дзейнічалі ў абароне. Лепш гэта атрымалася ў „Нёмана”. Госці стараліся максімальна выкарыстоўваць нешматлікія галявыя моманты, і ў сярэдзіне другога перыяду Сяргей Маляўка выдатным кісцевым кідком закінуў першую шайбу – 1:0. „Юнацтву” ўдалося аднавіць роўнасць у ліку ў сярэдзіне трэцяга перыяду, калі перадачу з-за варот на пятачку выкарыстаў Аляксандр Когалеў.

У дадатковыя дваццаць хвілін удача была на баку „Нёмана”. У складзе гарадзенцаў аўтарам гола стаў Мікіта Крыскін – 2:1.

Пасля поспеху ў сустрэчы з „Юнацтвам” лік у фінальнай серыі да чатырох перамог стаў 3:1 на карысць гарадзенскай каманды

Пяты паядынак вырашальнай стадыі чэмпіянату Беларусі па хакеі адбудзецца 4 красавіка ў 19.00 у гарадзенскім Лядовым палацы. Дзеючым пераможцам экстралігі з’яўляецца гарадзенскі „Нёман”, які ў мінулым сезоне ў фінале таксама сустракаўся з „Юнацтвам”.

belta.by